З «Белавія» за паўгода звольнілі 38 спецыялістаў авіяцыйна-тэхнічнай базы
У сувязі з санкцыямі Еўрапейскага Саюза ў «Белавія» рэзка зменшыліся пасажырскія перавозкі — і, адпаведна, патрэба ў тэхнічным абслугоўванні і рамонце самалётаў. Пра гэта гаворыцца ў лісце гендырэктара кампаніі Ігара Чаргінца да супрацоўнікоў.
У лісце гаворыцца, што за шэсць месяцаў 2021 года абʼёмы работ па тэхнічным абслугоўванні і рамонце самалётаў адносна першага паўгоддзя 2019 года ўпалі на 33,88 %.
«Прагназаваныя паказчыкі перавозак у асенне-зімовы перыяд бачацца яшчэ больш песімістычнымі. У гэтай сітуацыі ў авіякампаніі вядзецца праца для аптымізацыі колькаснага саставу ва ўсіх структурных падраздзяленнях. Колькасць спецыялістаў авіяцыйна-тэхнічнай базы за 2021 год скарацілася на 38 работнікаў, у тым ліку 15 работнікаў цэху тэхнічнага абслугоўвання авіяцыйнай тэхнікі», — заявіў Чаргінец.
Паводле яго, пераважна былі звольненыя работнікі пенсійнага веку і тыя, хто сам захацеў звольніцца.
«У цяперашні час усе намаганні авіякампаніі накіраваны на стабілізацыю сітуацыі, пошук новых рынкаў пасажырскіх перавозак з мэтай захавання максімальнай колькасці персанала, усведамляючы каштоўнасць яго кваліфікацыі, досведу і прафесіяналізму», — гаворыцца ў лісце.
Нагадаем, што 4 чэрвеня Еўрасаюз апублікаваў дакумент, які забараняе ўсім беларускім авіяперавозчыкам палёты ў паветранай прасторы краін ЕС.
Ён прадугледжвае забарону на ўзлёт, пасадку і пралёт самалётаў беларускага авіяперавозчыка над тэрыторыяй Еўрасаюза. Пазней да рашэння ЕС далучыліся яшчэ сем дзяржаў. У выключных выпадках могуць прымацца толькі гуманітарныя рэйсы, а таксама аварыйныя або экстранныя пасадкі.
Прычынай забароны ў дачыненні беларускай авіякампаніі стаў інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair» у Мінску і арыштам журналіста Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі Соф’і Сапега, якія былі на борце.