«З міністрам працы не згодны нават Белстат»

Міністр працы заявіла пра рэальнасць дасягнення зарплаты ў 1000 рублёў, адзначыўшы, што «мы рухаемся да гэтага». Эканамісты прагназуюць, што скажуць чыноўнікі да канца года.

zarplata4.jpg

— Задача стаіць да канца года — не менш за 1000 рублёў у сярэднім па краіне. І мы з вамі сёння сапраўды рухаемся ў гэтым кірунку, і вынікі трох месяцаў паказваюць тое, што тэмпы росту рэальнай заработнай платы складаюць ужо 101%. Мала таго, сёння апераджальнымі тэмпамі ад рэальнай заработнай платы ў нас суадносіны з прадукцыйнасцю працы, — заявіла 1 траўня міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Чаму эканамісты не падзяляюць аптымізму кіраўніка Мінпрацы

Эканаміст Яраслаў Раманчук вельмі скептычна ставіцца да заявы Ірыны Касцевіч.
 З міністрам працы не згодны нават Белстат, — адзначае ён.
Звесткі за першы квартал сведчаць пра тое, што прадукцыйнасць працы павялічылася ўсяго на 0,7%.
 Гэта значыць ні аб якім істотным прасоўванні да сярэдняй зарплаты ў 1000 рублёў гаворкі не ідзе, — кажа Яраслаў Раманчук.
Эканаміст Барыс Жаліба таксама не падзяляе меркавання кіраўніка Мінпрацы.
— Эканамісты на пальцах тлумачаць, што дасягнуць сярэдняй зарплаты ў 1000 рублёў у 2017 годзе вельмі малаверагодна. Калі зарплату трэба павысіць за год на 30%, то настолькі ж трэба павысіць і прадукцыйнасць працы. Гэта тэхнічна немагчыма, — мяркуе Барыс Жаліба. — Трэба рэальна падыходзіць да задач: папярэдні вопыт паказвае, што беларуская эканоміка не можа згенераваць сярэднюю зарпдату вышэй 400 даляраў.

Яраслава Раманчука пры гэтым насцярожвае, што «ўрад элегантна з'ехаў з тэмы 500 даляраў і пачаў казаць пра 1000 рублёў». Ён асцерагаецца дырэктыўнага павышэння намінальнай зарплаты без эканамічных падстаў.

Што будуць гаварыць чыноўнікі пра сярэдні заробак у канцы года?

Яраслаў Раманчук лічыць, што агучаная задача ўсё ж не будзе дасягнута, і малюе наступны верагодны сцэнар паводзінаў чыноўнікаў.
— Калі 31 снежня стане вядома пра сярэдні заробак, скажам, у 884 рубля, ва ўрадзе скажуць: мы рабілі ўсё, што магчыма, тэндэнцыя відавочная. Тая ж Касцевіч можа сказаць: мы ішлі да вызначанай мэты, але не дайшлі пару крокаў. Наўрад ці варта чакаць гучных адставак за правалены задачу. Нікога ж не звольнілі за крызіс апошніх гадоў, — мяркуе эканаміст.
Яраслаў Раманчук заклікае ставіцца да задачы ў 1000 рублёў за сярэдні заробак не як да самамэты.
 Яна являеется бізуном, які выкарыстоўваецца Лукашэнкам з тым, каб падсцёбнуць дзейнасць органаў дзяржкіравання, каб чыноўнікі не расслабляліся. Гэта не бізнэс-план, а хутчэй стымул для іх, — кажа Яраслаў Раманчук.
А вось Барыс Жаліба лічыць, што ў канцы года ўрад можа даць справаздачу аб выкананні пастаўленай кіраўніком дзяржавы задачы.
— У нашай эканоміцы нічога немагчымага няма. Дапаможа Белстат, дапамогуць ліпавыя справаздачы з прадпрыемстваў. Таму я не здзіўлюся, калі ў канцы года афіцыйныя органы адрапартуюць: ёсць! Але на самой справе зарплаты ў 1000 рублёў не будзе, ці гэта будзе каліф на гадзіну — і заўтра мы атрымаем знаёмыя нам інфляцыю і дэвальвацыю, — адзначае Барыс Жаліба.
Пастаяннае агучванне чыноўнікамі задачы дасягнення сярэдняй зарплаты ў 1000 рублёў эканаміст тлумачыць наступным:
— Як такая круглая лічба можа быць эканамічна абгрунтавана? Гэта ўсё робіцца ў мэтах прапаганды, каб даць беларускаму народу надзею на вяртанне таго, што было ў 2010 годзе, 7 гадоў таму.
Паводле Заўтра тваёй краіны