За год колькасць занятых у эканоміцы Беларусі знізілася амаль на 84 тысячы

У эканоміцы Беларусі ў жніўні 2016 года было занята 4 мільёна 396 тысяч чалавек. Паводле звестак Белстата, гэта амаль на 84 тысячы менш, чым годам раней.

1449213711290524159.jpg


Згодна са звесткамі Нацыянальнага статычнага камітэта, у жніўні 2015 года ў эканоміцы было занятае 4 млн 479,9 тыс. чалавек. Такім чынам, за год колькасць занятых знізілася на 1,9%, або на 83,9 тыс. чалавек.
Між тым, паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец жніўня 2016 года склала 42,6 тыс. чалавек (на канец жніўня 2015 года — 45,9 тыс.). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец жніўня, як і на такую ж леташнюю дату, склаў 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.
У чарговым выпуску аналітычнага агляду "Эканамічныя тэндэнцыі ў Беларусі", падрыхтаваным цэнтрам сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus, адзначаецца, што ўзровень занятасці насельніцтва ў Беларусі знізіўся да самай нізкай за апошнія 12 гадоў адзнакі. Як заўважаюць даследчыкі, на працягу двух мінулых кварталаў колькасць занятага насельніцтва ў краіне "зніжалася нябачанымі тэмпамі". У абсалютных лічбах штоквартальныя страты складалі 40 тысяч занятых. Такім чынам, за першае паўгоддзе занятых у эканоміцы стала менш на 80 тысяч.
"Гэта рэкорднае зніжэнне занятасці за апошнія гады за такі кароткі прамежак часу. Пры гэтым колькасць беспрацоўных павялічылася за першае паўгоддзе толькі на 4 тысячы чалавек, што склала 5% ад колькасці занятых у эканоміцы, якая скарацілася", — адзначаюць у CASE Belarus.
Паводле падлікаў даследчыкаў, у выніку ўзровень занятасці ў другім квартале ўпаў да беспрэцэдэнтна нізкай адзнакі ў 4,402 млн чалавек. Раней гістарычны мінімум узроўню занятасці быў зафіксаваны ў чацвёртым квартале 2004 года — 4,420 млн.
"Такім чынам, заваёвы пяцігодкі 2006—2010 гадоў, якая ўвайшла ў гісторыю як пяцігодка высокіх тэмпаў росту ВУП і занятасці, цалкам страчаныя. І гэта без уліку пастаяннай з 2012 года змены метадалогіі уліку працоўных рэсурсаў, дзякуючы якой занятасць пастаянна папаўнялася на пару дзесяткаў тысяч — апошнім разам, напрыклад, "даўлічылі" рамеснікаў", — падкрэсліваюць аўтары агляду.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка падчас паслання да народа і парламента 21 красавіка заявіў аб неабходнасці "звярнуць увагу на эфектыўную занятасць людзей, і тут не абысціся без аптымізацыі колькасці работнікаў". "На кожнае скарочанае месца павінна быць створанае новае, высокапрадукцыйнае, — падкрэсліў Лукашэнка. — Калі раптам на МАЗе, БелАЗе адбываецца аптымізацыя і вызваляецца энная колькасць работнікаў, гэтых людзей павінны перавесці за руку цераз дарогу і ўладкаваць на новым працоўным месцы, а не выкідаць на вуліцу. Запытанне за гэта будзе сёлета жорсткім".
Ён нагадаў пра заданне ўраду і губернатарам стварыць сёлета 50 тысяч новых працоўных месцаў. "Гэта мінімальнае патрабаванне, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Усяго толькі 50 тысяч, нават не 100 тысяч і не мільён працоўных месцаў. А каб стварыць мільён працоўных месцаў, трэба мець мільярд! Мы рэалісты, стаім на зямлі: нам трэба 50 тысяч працоўных месцаў. Кожнаму заданне даведзенае, выконвайце". Пры гэтым ён папярэдзіў, што "месцы ствараюцца не для справаздач, а для канкрэтных людзей, якія жывуць на зямлі".
Марына Носава, БелаПАН