За колькі гадоў беларусы могуць зарабіць мільён долараў?
Каб зарабіць мільён долараў, беларусам трэба больш за 165 гадоў.
Людзі працуюць дзясяткі гадоў — і часцяком не задумваюцца, колькі грошай яны зарабілі ў сукупнасці. Каб зарабіць мільён долараў, беларусам трэба часу значна больш за суседзяў.
У новым даследаванні аналітыкі Picodi.com палічылі, за колькі гадоў жыхары розных краін могуць зарабіць мільён долараў, калі будуць атрымліваць сярэднямесячную заработную плату па краіне. Даныя даследавання прыводзіць Th*nktanks.by.
У рэйтынг трапілі 102 краіны свету. Калі ўлічваць усе атрыманыя грошы, хутчэй за ўсё заробяць мільён жыхары Швейцарыі — 14 гадоў і 3 месяцы. На другім месцы Сінгапур з вынікам 16 гадоў і 11 месяцаў. Даўжэй павінны папрацаваць жыхары Люксембурга — 17 гадоў і 4 месяцы. Замыкаюць пяцёрку лідараў ЗША (19 гадоў і 10 мес.) і Ісландыя (20 гадоў і 11 мес.)
Беларусь займае 68-ю пазіцыю ў рэйтынгу. Калі атрымліваць сярэднестатыстычную заработную плату па краіне, зарабіць мільён долараў можна за 165 гадоў і 10 месяцаў. Суседняя Расія займае 60-е месца (136 гадоў і 10 мес.). Польшча займае 40-е месца (77 гадоў і 9 мес.), Латвія на 45-й пазіцыі (83 гады), а Літва на 39-й — 72 гады і 3 месяцы.
Больш за 500 гадоў спатрэбілася б працаваць жыхарам Нігерыі (519 гадоў і 1 месяц), Уганды (523 гады і 3 мес.), Егіпта (603 гады і 6 мес.) і Пакістана (621 год і 3 мес.)
Метадалогія і крыніцы даных
Даныя аб памеры сярэдняй заработнай платы пасля выліку падаткаў і абавязковых унёскаў узятыя з сайта numbeo.com, дзе збіраюцца тысячамі карыстальнікаў з усяго свету. Для канвертавання валют аналітыкі выкарыстоўвалі сярэдні курс Google Finance за сакавік 2023 года.
Між тым, у Беларусі сярэдні заробак працягвае зніжацца. Так, намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў у студзені склаў 1 684,9 рубля, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Гэта на 230,7 рубля, або на 12%, менш, чым у снежні 2022 года, калі было 1915,6 рубля.
Летась у лістападзе намінальны налічаны сярэдні заробак вырас на 16,2 рубля; у кастрычніку — знізіўся на 0,6 рубля, у верасні — на 28,5; у жніўні — вырас на 21,5, падлічыла BPN.