За месяц чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы зменшыліся ў 12 разоў і наблізіліся да нуля

Да канца кастрычніка яны скоцяцца на адмоўны ўзровень.



damino.jpg

Чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы лічацца адным з найважнейшых індыкатараў здароўя беларускага фінансавага рынку.
Гэта розніца паміж усімі «багаццямі» банкаў — золатам, замежнымі дэпазітамі, каштоўнымі паперамі — і абавязальніцтвамі перад замежжам.
У Беларусі апошніх гадоў праблемы ўзнікаюць, як толькі ўзровень гэтых актываў падае ніжэй за $2 мільярды.
Упершыню гэта здарылася ў пачатку 2009 і адлюстравалася ў 20%-най дэвальвацыі рубля. Прычым эканоміку гайдала ўвесь год.
На мяжы $2 мільярдаў чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы вагаліся і летам 2010, калі ў дзяржавы часам бракавала грошай нават на тое, каб расплаціцца за газ.
Крутое піке чакала эканоміку ў 2011. Актывы скаціліся за «неабходны паказчык» яшчэ за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў. У маі 2011 яны складалі катастрафічныя -$2,5 мільярда.
І вось цяпер індыкатар сігналізуе пра небяспеку чарговага абвалу. Праблемы пачаліся яшчэ год таму, аднак падушка бяспекі дазваляла не заўважаць іх. Апошнія месяцы актывы скарачаліся на $500—600 мільёнаў штомесяц.
А ў верасні падзенне дасягнула $850 мільёнаў!
У выніку чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы апусціліся да $76 мільёнаў. Калі дынаміка не зменіцца, то яны ўжо ў гэтым месяцы апынуцца на адмоўным узроўні.
nn.by