Заяўка Беларусі на атрыманне крэдыту ЕФРС можа быць разгледжана 3 ліпеня

Заяўка Беларусі на атрыманне новага крэдыту ў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФРС) можа быць разгледжана 3 ліпеня. На гэты дзень, паводле інфармацыі БелаПАН, запланавана чарговае пасяджэнне савета фонду.



000013_00000077867.jpg


Нагадаем, з заяўкай на атрыманне новага крэдыту Беларусь звярнулася ў Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС (15 чэрвеня ён быў перайменаваны ў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця) у сакавіку гэтага года. 
"Савет фонду запланаваны на 3 ліпеня, пасяджэнне экспертнага савета фонду павінна адбыцца ў 20-х лічбах чэрвеня", — паведаміў БелаПАН эксперт у фінансавых колах. Паводле яго слоў, на мінулым тыдні бакі прадоўжылі перамовы ў фармаце відэаканферэнцыі, у ходзе якой абмяркоўваліся параметры крэдытнай праграмы. 
Як паведамлялася раней, у другой палове мая Мінск наведалі эканамісты праектнай групы фонду. Яны правялі перамовы з беларускімі ўладамі аб новай крэдытнай праграме. Па выніках візіту ў Мінск Еўразійскі банк развіцця, які выступае кіраўніком сродкаў фонду, абнародаваў паведамленне, у якім гаварылася, што заяўка Беларусі на атрыманне новага крэдыту можа быць разгледжана ў канцы першага паўгоддзя 2015 года. 
Пры гэтым эксперты фонду, якія наведалі Мінск, рэкамендавалі беларускім уладам "як мага хутчэй" ажыццявіць пераход да акупных тарыфаў на платныя паслугі для насельніцтва. Акрамя гэтага, фонд рэкамендуе паменшыць аб`ём дырэктыўнага крэдытавання эканомікі. 
Раней Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС ужо выдзяляў Беларусі фінансавы крэдыт. У 2011 годзе было прынята рашэнне выдзеліць Беларусі на працягу трох гадоў 3 млрд. долараў на падтрыманне плацежнага балансу і папаўненне золатавалютных рэзерваў. Аднак у перыяд з 2011 па 2013 гады Беларусь атрымала толькі 2,5 млрд. долараў. Апошні транш фонду ў памеры 440 млн. долараў не быў атрыманы з-за невыканання беларускім бокам умоў крэдытнай праграмы.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН