Залаты запас Беларусі за год вырас на 1 тону

Залаты запас Беларусі за мінулы год вырас на адну тону і на 1 студзеня 2017 года склаў 39,1 тоны, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка. Пры гэтым асноўны прырост адбыўся ў другім паўгоддзі, калі залаты запас павялічыўся на 900 кг.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


На 1 студзеня 2016 года залаты запас Беларусі складаў 38,1 тоны, на 1 студзеня 2015 года — 36,5 тоны.
Залаты запас — гэта каштоўныя металы ў выглядзе банкаўскіх зліткаў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Нацбанка і якія з'яўляюцца часткай Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь.
Залаты запас выступае ў ролі рэзервовага актыву ў складзе золатавалютных рэзерваў, забяспечваючы дыверсіфікацыю партфеля рэзерваў.
Як адзначаюць у галоўным банку краіны, наяўнасць залатога запасу "падтрымлівае давер рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў да здольнасці Нацбанка і ўрада выконваць свае фінансавыя абавязанні і праводзіць манетарную палітыку. Таксама каштоўныя металы могуць быць выкарыстаны ў выпадку неабходнасці шляхам іх продажу, абмену або выкарыстання ў разліках".
Каштоўнасці залатога запасу захоўваюцца ў Цэнтральным сховішчы Нацыянальнага банка, а таксама размяшчаюцца на рахунках і ў дэпазітах за мяжой, перадае БелаПАН.
Паводле БелаПАН