Знешні дзярждоўг вырас з пачатку года амаль на 900 млн долараў

 Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 верасня 2016 года склаў 36 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам года на 3,2 млрд рублёў, або на 9,7%.

fbfc32447d9e62881e91705e99e53d72.jpg


Як паведамляе Міністэрства фінансаў, знешні дзярждоўг на 1 верасня склаў 13,3 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 896 млн долараў ЗША, або на 7,2%.
У студзені—жніўні 2016 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 1 млрд 367 млн долараў ЗША: 800 млн долараў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР); 287,9 млн долараў — урада і банкаў Расіі; 206,8 млн долараў — банкаў КНР; 70,5 млн долараў — МБРР; 1,8 млн долараў — ЕБРР і СІБ.
Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2016 года склала 568 млн долараў ЗША: 200 млн долараў — урад Расіі; 176,6 млн долараў — ЕФСР; 163 млн долараў — банкі КНР; 27,7 млн долараў — МБРР; 0,7 млн долараў — ЗША.
Унутраны дзярждоўг на 1 верасня 2016 года склаў 9,9 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 0,2 млрд рублёў, або на 1,8%.
За студзень—жнівень размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1 млрд 152,2 млн долараў і 493,7 млн рублёў. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1 млрд 276 млн долараў і 596,2 млн рублёў.
На думку шэрагу экспертаў, у беларускага ўрада няма іншых крыніц пагашэння даўгоў, акрамя знешніх запазычанняў. У 2017 годзе неабходна накіраваць на пагашэнне дзяржаўнага доўгу 5 млрд 232,2 млн рублёў. Пагашэнне дзяржаўнага доўгу ў замежнай валюце складзе 2 млрд 311 млн долараў ЗША. У тлумачальнай запісцы Мінфіна да праекта рэспубліканскага бюджэту гаворыцца, што на пагашэнне знешняга дзярждоўгу спатрэбіцца 2 млрд 278,6 млн рублёў, унутранага — 2 млрд 953,6 млн.
Пры гэтым у 2017 годзе плануецца прыцягнуць 1 млрд 860 млн долараў ЗША (4 млрд 83,4 млн рублёў): за кошт трох траншаў крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця — 700 млн долараў; выпуску еўрааблігацый — 800 млн долараў; выпуску ўнутраных дзяржаблігацый — 360 млн долараў.
Нагадаем, за 2015 год дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь вырас на 131,1 трлн рублёў, або на 66,4%, і на 1 студзеня 2016 года склаў 328,6 трлн. Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 студзеня 2016 года склаў 12,4 млрд долараў ЗША, зменшыўшыся з пачатку 2015 года на 133,9 млн долараў (з улікам курсавых розніц), або на 1,1%. Ліміт знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусі на 2016 год устаноўлены ў 17 млрд долараў — гэта прадугледжана законам аб бюджэце. Ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу на 2016 год устаноўлены ў 115 трлн рублёў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН