Андрэй Гайдукоў. Канец «шпіёнскага» рамана
Суд вырашыў, што Андрэй Гайдукоў — не шпіён, не вінаваты ў здрадзе Радзіме, нікому ніякіх звестак не перадаваў, дзяржаўнай таямніцы не раскрыў. А паўтары гады калоніі — дык нельга ж прызнаць, што ён амаль дзевяць месяцаў адседзеў ні за што?
Андрэй Гайдукоў
Першага ліпеня грамадства нарэшце даведалася, што прад’явілі 23-гадоваму слесару наваполацкага «Нафтана». Гайдукоў прызнаны невінаватым у першапачатковым абвінавачванні — здрада радзіме. Замест гэтага ён асуджаны па артыкуле 356-1 Крымінальнага кодэкса.
Дзіўнае заканадаўства
Гэты артыкул уведзены ў Кодэкс толькі 8 лістапада 2011 года, можна сказаць, «свяжак». Ён вельмі дзіўны. Даслоўна ён гучыць так: «Усталяванне грамадзянінам Рэспублікі Беларусь супрацоўніцтва на канфідэнцыйнай аснове са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы пры адсутнасці прыкмет здрады дзяржаве — караецца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў».
Гэта значыць, Гайдукоў не шпіёніў. Можна падумаць, што Гайдукоў толькі ўсталяваў супрацоўніцтва, каб здраджваць Радзіме. Але і гэта не так, бо ён асуджаны з дадаваннем артыкула 14 КК «Замах на злачынства».
Такім чынам, нельга лічыць, што ён наогул устанавіў нейкія інтымныя сувязі з замежнай выведкай. Ён проста паквапіўся на ўсталяванне такіх сувязяў. Якім чынам паквапіўся, мы не ведаем — суд быў закрыты.
Дзіўнасць гэтага артыкула ў тым, што па ім можна пасадзіць палову краіны проста за размову з іншаземцам. А раптам той іншаземец апынецца супрацоўнікам расійскай ФСБ альбо ўкраінскай СБУ? Вось табе і «замах на ўстанаўленне сувязяў». Пазнаёміўся ў цягніку з такім чалавекам — усё, абвінавачванне гарантаванае. Нават калі ты не балбатаў пра нейкія таямніцы: бо «пры адсутнасці прыкмет здрады дзяржаве» ж.
Тых, хто стаіць у чэргах па атрыманне візы ў літоўскае пасольства ці польскае консульства, можна арыштоўваць пагалоўна. Пра што яны размаўляюць з супрацоўнікамі замежнай амбасады, якія праз аднаго шпіёны замежных выведак? Тых, хто выехаў за мяжу і вярнуўся назад, трэба адразу пры ўездзе ў Беларусь саджаць на нары: а раптам іх суседам на пляжы ў Крыме ці на лежаку ў Турцыі быў супрацоўнік мясцовай спецыяльнай службы? А калі запытаў у замежнага палісмэна, «як прайсці ў бібліятэку», — увогуле труба, відавочны кантакт з прадстаўніком замежнага органа бяспекі без здрады дзяржаве, два гады гарантавана.
Дзіцячыя гульні ў Джэймса Бонда забароненыя — ён прадстаўнік замежнай спецслужбы. У Шэрлака Холмса таксама: хоць ён і быў вольным сышчыкам, але побач маячыў прадстаўнік органаў бяспекі інспектар Лестрэйд. Дый Ватсан з ягонай службай у англійскім вайсковым корпусе ў Афганістане — падазроны тып.
Пра маразматычнасць артыкула 156-1 беларускіх заканадаўцаў неаднаразова папярэджвалі праваабаронцы. Вядомы юрыст Гары Паганяйла ўзгадвае, што тады казалася пра нявызначанасць злачынцы і аб’екта злачынства, занадта размытыя фармулёўкі, па якіх да адказнасці можна прыцягнуць любога. Але заканадаўцы, як звычайна, праваабаронцаў не паслухаліся.
У любым выпадку, Гайдукова пасадзілі не за тое, у чым ён абвінавачваўся. Яго пасадзілі, таму што «так было трэба».
Хто адказны за правал?
Яшчэ пры затрыманні КДБ адрапартавала, што Гайдукова ўзялі ў момант закладкі тайніка са звесткамі, што цікавілі замежныя спецслужбы. «Указаны грамадзянін затрыманы супрацоўнікамі КДБ у момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы», — казалася ў афіцыйным паведамленні КДБ. Калі ж Гайдукоў шпіёнам не прызнаны, узнікае лагічнае пытанне: хто арганізаваў «тайнік»? Што з гэтымі звесткамі, якія цікавілі спецслужбы замежнай дзяржавы? Гэта што, усё было сфальсіфікавана?
Як Гайдукова трымалі да суда 8 месяцаў за кратамі, калі асудзілі за артыкул, які не прадугледжвае больш за два гады пазбаўлення волі? Па меркаванні юрыста Валянціна Стэфановіча, дзеянне, за ўчыненне якога асуджаны Гайдукоў, адносіцца да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Да асобы, абвінавачанай у такім злачынстве, нельга прымяніць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту: дастаткова і падпіскі аб нявыездзе. Між тым, КДБ упарта не задавальняла хадайніцтва адвакатаў аб змене меры стрымання Гайдукову на гэтую падпіску. Хто будзе адказваць за парушэнне правоў Гайдукова?
Хто неправільна кваліфікаваў першапачатковае абвінавачванне? Чаму суд быў закрытым яшчэ да таго, як суддзя павінен быў прыняць адпаведнае рашэнне згодна хадайніцтва аднаго з бакоў? Хто «заваліў» следства па першапачатковым абвінавачванні?
Сканала, здаецца, нават, здавалася б, даволі эфектыўная «сістэма нагляду і папярэджання». Колькі чалавек ужо было папярэджана ў КДБ па «недапушчэнні парушэння заканадаўства». У асноўным, канешне, па сумнавядомых артыкулах: альбо за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, альбо за дыскрэдытацыю Беларусі. Сам Гайдукоў колькі разоў меў «размовы» з супрацоўнікамі КДБ наконт сваёй дзейнасці па стварэнні «Саюза маладых інтэлектуалаў»… Чаму яго не папярэдзілі пра адказнасць за парушэнне заканадаўства? Можна ж было б папярэдзіць афіцыйна і не даводзіць справу да суда, тым больш такога камічнага. Чаму гэта не было зроблена?
Старшыня КДБ спадар Валер Вакульчык за два тыдні да пачатку разгляду «справы Гайдукова» казаў, што абаронцам Гайдукова з ліку грамадскасці ў выніку «будзе няёмка». Хто да апошняга «падстаўляў» Вакульчыка, відавочна даючы яму непраўдзівыя звесткі па гэтай справе? Бо без упэўненасці ў тым, што ён мае рацыю, Вакульчык такога б не казаў. Зараз, калі справа развалілася, што рабіць Вакульчыку? Выбачацца? Сыходзіць у адстаўку?
Сорамна…
Зараз за КДБ сорамна. Былы контрвыведнік Сяргей Аніська сказаў, што яму «крыўдна, няёмка і брыдка» за такія дзеянні калегаў. Юрыст Гары Паганяйла ўзгадвае, што за дваццаць год незалежнасці гэтая структура ніводнага разу не злавіла сапраўднага шпіёна. Усе «гучныя справы» аб шпіянажы заканчваліся «пшыкам».
«Справа Гайдукова» паказала, што сістэма нацыянальнай бяспекі ў краіне знаходзіцца нават не ў крызісе. Гэтай сістэмы проста не існуе. Органы КДБ зараз «заточаныя» не пад тое, каб забяспечваць сапраўдную нацыянальную бяспеку. Яны, па меркаванні таго ж Паганяйлы, ператварыліся ў палітычны вышук супраць уласных грамадзян, якія, можа быць, з’яўляюцца значна большымі патрыётамі, чым тыя, хто іх пераследуе.
Усе гучныя справы, якія апошнім часам расследаваў КДБ, заканчваліся правалам.
Колькі народу было выклікана ў КДБ па «справе Плошчы»? А што ў выніку? Справы фігурантаў Плошчы, як і справа Гайдукова, перакваліфікуюцца ў больш мяккія артыкулы. Міхалевіч заяўляе пра катаванні ў КДБ і, падмануўшы «самае-самае» ведамства, збягае з краіны. Невядома, якім чынам, з-пад носу КДБ знікае Наталля Радзіна.
Першы намеснік Вакульчыка Ігар Сергіенка заявіў днямі, што расследаванне справы аб «плюшавым дэсанце» ў ноч з 3 па 4 ліпеня 2012 года завершанае. Не «прыпыненае» ў сувязі з нейкімі абставінамі, кшталту немагчымасці прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Не «спыненае» па тых ці іншых прычынах, а «завершанае». Пасля завяршэння расследавання звычайна справа перадаецца ў пракуратуру, потым у суд. Але хто прызнаны па ёй падазроным? Якое высунута абвінавачванне? Каму яно высунутае? Які лёс падазраваных фатографа Андрэя Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава? Хто прыцягваецца да адказнасці?
І так — з усімі «гучнымі справамі». Падаецца, што КДБ проста не ўмее весці справы, займацца належным расследаваннем, цалкам адсутнічае аператыўна-вышуковая дзейнасць, прафілактычная дзейнасць таксама ў крызісе. А між іншым, КДБ з’яўляецца ўзорнай структурай, на якую глядзіць і замежнае грамадства.
Высновы праваабаронцаў
Раней шмат казалася пра тое, што «справа Гайдукова» падзяліла праваабарончыя арганізацыі на тых, хто прызнаў Гайдукова палітвязнем, і на тых, хто чакаў для гэтага вынікаў суда. «Беларускі Хельсінскі Камітэт» і незарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Вясна» ў сумеснай заяве нарэшце вызналі Гайдукова палітвязнем. Яны ўзгадалі закрытасць следства, абмежаваны доступ да Гайдукова адвакатаў, узяцце з іх падпісак аб неразгалошванні матэрыялаў справы, абмежаванне перапіскі, закрыты судовы працэс, тое, што Вакульчыку зарання было вядома пра закрытасць працэсу, што дазваляе казаць, што справай кіраваў КДБ і гэтак далей. На высновах гэтага яны вызналі Гайдукова адвольна затрыманым, несправядліва асуджаным, і заклікаюць да ягонага вызвалення і перагляду справы «пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва».
Але адну частку заявы БХК і «Вясны» варта працытаваць. «Асуджэнне А. Гайдукова з’яўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным, паколькі яно ў значнай ступені мела на мэце павышэнне ролі і значнасці КДБ у дзяржаве непрымальнымі ў дэмакратычным грамадстве метадамі, а пазбаўленне свабоды было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, працягласць пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватна) правапарушэнню, у якім асоба была прызнаная вінаватай».
Удумайцеся ў гэта: справа Гайдукова, на думку экспертаў, «мела на мэце павышэнне ролі і значнасці КДБ у дзяржаве непрымальнымі ў дэмакратычным грамадстве метадамі»! Вось за што, па меркаванні праваабаронцаў, насамрэч сядзіць Гайдукоў!
Дык што ж Гайдукоў?
Нягледзячы на тое, што Гайдукоў асуджаны, ён хутка выйдзе на волю. Прысуд у паўтары гады ў першай інстанцыі можа быць абскарджаны, а касацыйная інстанцыя можа значна зменшыць тэрмін. Паводле адвакатаў, у хуткім часе Гайдукоў будзе пісаць скаргу на свой прысуд.
Акрамя таго, гэтыя паўтары гады азначаюць, што палову прысуджанага тэрміна — 9 месяцаў з 8 лістапада 2012 года Гайдукоў ужо адседзеў. Гэта дае яму права падаваць дакументы на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, як толькі ён прыбудзе ў месца адбывання пакарання.
А вось што нам рабіць з КДБ і як узнавіць абарону нацыянальнай бяспекі? Гэта вялікае пытанне, якое трэба вырашаць. Не заставацца ж нам зусім без абароны дзяржаўных таямніц і інтарэсаў? А КДБ, як бачна, гэтую функцыю проста не выконвае.