12 блогераў з Расіі і Беларусі будуць прызваны ў беларускую армію
Міністэрства абароны Беларусі, кампанія-распрацоўшчык World of tanks і ТРА Саюзнай дзяржавы рэалізуюць спецыяльны праект «Блогеры ў арміі».
Як паведаміла прэс-служба беларускага абароннага ведамства, у межах праекта 12 блогераў з Беларусі і Расіі на працягу трох дзён пройдуць скарочаны курс падрыхтоўкі ў адной з часцей сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Беларусі. Дзве каманды па шэсць чалавек будуць спаборнічаць у выкананні розных нарматываў. Пасля заканчэння праекта будзе вызначана каманда-пераможніца. У асабістым заліку будзе выяўлены найлепшы «блогер спецыяльнага прызначэння», які набраў найбольшую колькасць балаў падчас выканання тэставых заданняў і якога вызначыць спецыяльнае журы, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі арганізатараў праекта і сродкаў масавай інфармацыі.
Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі здольнасці ўдзельнічаць у праекце з’яўляюцца: масавасць блога, адсутнасць вопыту службы ў арміі, здароўе і фізічная падрыхтаванасць, жаданне ўдзельнічаць у праекце.
Рэзюмэ ахвотныя могуць даслаць на адрас: belmilblog@gmail.com, указаўшы прозвішча, імя, імя па бацьку, спасылку на акаўнт у сацыяльных сетках і найбольш цікавыя публікацыі, фота, з кароткім расказам пра сябе.
Фінальны этап праекта пройдзе з 29 ліпеня па 1 жніўня 2013 года ў адной з воінскіх часцей сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Беларусі. Тэлевізійная версія праекта будзе паказана на тэлеканале Саюзнай дзяржавы ў пачатку наступнага тэлевізійнага сезона.