16 ліпеня 2020 года — гэта быў сапраўды гістарычны дзень
Два гады таму аб'ядналіся штабы Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы. А што адчулі вы, калі даведаліся пра гэта 16 ліпеня 2020 года?
16 ліпеня 2020 года прайшла сустрэча штабоў трох альтэрнатыўных кандыдатаў: Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі, на якой было абвешчана пра аб'яднанне намаганняў.
Святлана Ціханоўская апублікавала фота і напісала: «Гэтаму фота сёння спаўняецца два гады. Што вы адчуваеце, калі бачыце яго?
Ёсць падзеі, якія становяцца паваротнымі — і гэта якраз адна з іх. Я памятаю, што ў той дзень мы разумелі — адбываюцца гістарычна важныя падзеі. І ўсё роўна тады мы не маглі ўявіць іх рэальныя маштабы.
Цэлых два гады прайшло. За гэты час мы дакладна даведаліся, што абсалютная большасць беларусаў не церпіць дыктатуры, хоча законаў, якія будуць працаваць для ўсіх, выступае супраць вайны. Як бы цяпер ні імкнуліся прымусіць маўчаць людзей, мы ўсё гэта ведаем.
Дарагая Маша, мы з Веранікай і мільёнамі людзей вельмі чакаем моманту, калі зможам зноў быць побач. І гэта дае сілы не апускаць рукі, а ісці наперад».
Як усё пачалося? 15 хвілін у штабе Віктара Бабарыкі ў пакоі для перамоваў — два гады таму, утрох, яны дамовіліся аб'яднаць намаганні, згадвае тэлеграм-канал Бабарыкі і размяшчае фатаздымкі таго дня.
Марыя, Святлана, Вераніка — сталі сімвалам пераменаў, яны натхнілі мільёны беларусаў. Гэта сапраўды гістарычны дзень.