17 гадоў таму ў Мінску зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі

Сямнаццаць гадоў таму ў Мінску пры нявысветленых абставінах зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

gonchar2.jpg


Увечары 16 верасні 1999 года Ганчар, які першапачаткова быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі і дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю, і яго сябар Красоўскі прыехалі ў лазню, размешчаную ў Менску па вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі», які належаў Красоўскаму.
Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Менску. Па дадзеных следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзены асколкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві.
Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці вывадаў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%.

gonchar4.jpg


Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.
Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у датычнасьці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асобаў краіны.
Юрыст РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) Гары Паганяйла неаднаразова заяўляў, што ўлады не зацікаўленыя ў расследаванні гэтай справы. «Не сакрэт, што гэта было не проста знікненне, Ганчар і Красоўскі былі забітыя, — лічыць праваабаронца. — Непрыняццем належных мер да расследавання гэтай справы ўлады дэманструюць сваю датычнасьць да іх знікнення».
За чатыры месяцы да знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, 7 мая 1999 года, у Мінску пры нявысветленых абставінах знік яшчэ адзін апазіцыйны палітык, былы міністр унутраных спраў Беларусі Юры Захаранка, які ў свой час таксама ўваходзіў у каманду Лукашэнкі. Па факце яго знікнення была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «наўмыснае забойства», якая не завершана да гэтага часу.
На думку прадстаўнікоў апазіцыі і праваабаронцаў, рэальнае расследаванне гэтых гучных знікненняў можа аднавіцца толькі ў выпадку змены існуючай улады.
Паводле gazetaby.com