2,5 гады «хіміі» — за тое, што прысароміў чыноўніка
Суд Першамайскага раёна Віцебска пятага ліпеня вынес прысуд па крымінальнай справе, заведзенай за «публічную абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). На лаве падсудных — віцяблянін Сяргей Ільюшэнка. Нягледзячы на «адкрытасць» працэсу, у залу суда амаль нікога не пусцілі. Журналісты і валанцёры-праваабаронцы засталіся за дзвярыма. Людзі змаглі патрапіць толькі на прысуд.
![Сяргей Ільюшэнка каля суда Першамайскага раёна Віцебска. Фота: «Віцебская Вясна» Сяргей Ільюшэнка каля суда Першамайскага раёна Віцебска. Фота: «Віцебская Вясна»](/img/v1/images/illushenka.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сяргей Ільюшэнка каля суда Першамайскага раёна Віцебска. Фота: «Віцебская Вясна»
Справу разглядала суддзя Таццяна Родзіна, дзярржабвінаваўца — пракурорка Наталля Гаўрылюк.
У лютым і сакавіку 2020 года гэтая ж суддзя разглядала справу цяперашняга палітвязня Уладзіміра Малахоўскага (прысудзіла яму тры з паловай гады калоніі) — на той працэс журналісты і нават сваякі падсуднага таксама трапіць не змаглі.
Сяргей Ільюшэнка ў апошнім слове сказаў, што віну прызнае цалкам, злога намеру не меў і канкрэтна некага абразіць не хацеў. Прынёс прабачэнні пацярпеламу ў зале суда.
Пасля судовага пасяджэння 2 ліпеня Ільюшэнка распавёў «Віцебскай Вясне» падрабязнасці справы.
«12 жніўня 2020 года раніцай пабачыў у сацсетцы "ВКонтакте" пост пра Сташэўскага. Што, маўляў, чыноўнік прымушае сваіх падначаленых змяняць вынікі выбараў, заклікае фальсіфікаваць іх. Вядома, усе пачалі абурацца. І я напісаў кшталту "як табе не сорамна ў вочы людзям глядзець", "краіна мусіць ведаць сваіх герояў у твар". Я і забыўся, што напісаў. А вясной 2021-га прыехалі да мяне і адвезлі ў СІЗА на Гагарына, "закрылі" на трое сутак. У красавіку выйшаў з СІЗА, быў пад следствам. І вось суд...» — расказаў Ільюшэнка.
Паводле яго слоў, пад допісам пра чыноўніка Сташэўскага гнеўныя каментары напісалі тады некалькі дзясяткаў чалавек. Кажа, што, паводле слоў следчых, усе людзі, якія пракаментавалі той пост, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. За выключэннем аднаго, асобу якога не ўдалося ідэнтыфікаваць.
Фінансавай кампенсацыі за маральныя пакуты, як гэта часта бывае ў такіх выпадках, пацярпелы чыноўнік прасіць не стаў. Сяргей Сташэўскі, былы кіраўнік Кастрычніцкага раёна Віцебска, атрымаў «шырокую вядомасць» пасля публікацыі ў інтэрнэце аўдыязапісу, на якім ён прымушае настаўнікаў перапісваць выніковы пратакол, памяняўшы месцамі прозвішчы Лукашэнкі і Ціханоўскай. Неўзабаве пасля скандалу ён быў звольнены і пераведзены ў Мінск на новую пасаду.
Дарэчы, па месцы жыхарства ў Сяргея Ільюшэнкі прайшоў ператрус, былі канфіскаваныя тэлефон і сістэмны блок.
Пракурорка Наталля Гаўрылюк запатрабавала 2 ліпеня для мужчыны два з паловай гады «хіміі». Адвакат прасіў абмежавацца штрафам.
Сёння суддзя Таццяна Родзіна агучыла прысуд: два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
spring96.org