2-я мінская бальніца выходзіць з кавіда. Якія аддзяленні ўжо прымаюць пацыентаў па профілі
Адзін з карпусоў 2-й гарадской клінічнай бальніцы, раней перапрафіляваны пад інфекцыйны, з 18 сакавіка прыступіў да працы ў звычайным рэжыме. Пра гэта паведаміла ў эфіры праграмы «Гаворыць і паказвае Мінск» на «Радыё-Мінск» начальнік аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ірына Дрозд.
— Калі ў сталіцы была максімальная захворвальнасць каронавірусам, частку стацыянараў перапрафілявалі пад інфекцыйныя, — адзначыла Ірына Дрозд. — У сувязі з паляпшэннем эпідэміялагічнай сітуацыі да звычайнага рэжыму вернутыя ўжо 1-я клініка, 3-я бальніца, два корпуса 4-й клінікі, а з учарашняга дня прыступіў да працы адзін з карпусоў 2-й гарадской клінічнай бальніцы. Гэта корпус, у якім размешчаны аддзяленні неўралогіі, пульманалогіі, гастраэнтэралогіі, рэўматалогіі.
Паводле слоў Ірыны Дрозд, у горадзе пастаянна адсочваецца эпідсітуацыя, зыходзячы з гэтага і прымаецца рашэнне, выводзіць клініку з кавіда ці не.
— У залежнасці ад узроўню захворвання COVID-19 будзем і далей вяртаць мінскія шпіталі да звычайнага рэжыму працы, — дадала Дрозд.
Кажучы пра амбулаторнае звяно, спецыяліст патлумачыла, што цяпер графік работы сталічных паліклінік такі ж, як і да пандэміі: з 8.00 да 20.00. Там аказваюць і планавую медыцынскую дапамогу, у прыватнасці, праводзяць дыспансерызацыю.
— У трэцюю хвалю пандэміі, калі спатрэбіцца, перапрафілюем стацыянары. Досвед у нас ужо ёсць, — сказала Ірына Дрозд.
minsknews.by