2000 выпускнікоў МДЛУ падпісалі адкрыты ліст рэктару
Адкрыты ліст рэктару Мінскага
дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ) аб падзеях 1 і 2 верасня,
складзены выпускнікамі ВНУ, сабраў больш за 2400 подпісаў. Сярод
падпісантаў – палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук і саліст гурта Litesound
Уладзімір Каракін.
Выпускнікі МДЛУ вырашылі звярнуцца да рэктара Баранавай Н. П. пасля затрыманняў студэнтаў у будынку ўніверсітэта.
“Фота і відэа затрыманняў шакавалі нас. Выпускнікі розных гадоў і факультэтаў, якія жывуць па ўсім свеце, сталі пісаць адно аднаму, студэнтам, запытваць, чым дапамагчы, што зрабіць, як падтрымаць,” – кажуць аўтары ліста.
У лісце выпускнікі падтрымліваюць студэнтаў, якія выразілі сваю грамадзянскую пазіцыю, а таксама звяртаюць увагу адміністрацыі на Статут універсітэта, у якім сярод задач МДЛУ пералічаны “...забеспячэнне дзейнасці па ажыццяўленні выхавання на аснове агульначалавечых каштоўнасцяў, у тым ліку па фарміраванні ў студэнтаў высокай грамадзянскасці, патрыятызму, павагі да нацыянальных традыцый, захаванне правоў чалавека, здаровага ладу жыцця, адказнасці”.
“Выказваючы пратэст супраць парушэння грамадзянскіх правоў і Канстытуцыі, студэнты дзейнічалі згодна Статуту МДЛУ, і ўніверсітэт абавязаны падтрымаць іх і гарантаваць ім бяспеку,” – лічаць аўтары ліста.
З 3 па 7 верасня пад лістом падпісаліся больш за 2400 чалавек, сярод якіх больш як 1900 выпускнікі, а таксама студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта.
“Мы хацелі б пачуць выразную пазіцыю рэктарата і асабіста Баранавай Наталлі Пятроўны – атрымаць адзнаку дзеянняў сілавікоў па затрыманні студэнтаў 1 і 2 верасня; дзеянняў Загадчыка ўпраўлення па выхаваўчай працы з моладдзю Пучэні І.К., які 1 верасня трымаў дзверы ўніверсітэта закрытымі, чым ледзь не справакаваў цісканіну каля ўвахода, і самае галоўнае, пачуць, якія рэальныя меры бяспекі кіраўніцтва плануе прыняць.”
Папяровая версія ліста з усімі подпісамі была перададзеная рэктару МДЛУ.
Тэкст адкрытага ліста рэктару МДЛУ
Спіс падпісантаў (спіс маніторыцца, выдаляюцца дублікаты подпісаў і подпісы людзей, якія не з'яўляюцца студэнтамі, выпускнікамі ці супрацоўнікамі ВНУ)
Акрамя таго, выпускнікі даслалі лісты больш чым 20 універсітэтам-партнёрам МДЛУ з розных краін (тэкст звароту да партнёраў на розных мовах тут)
“Мы звяртаемся да вас, партнёры МДЛУ. Просім вас выступіць з афіцыйнай заявай і асудзіць палітычна матываваны гвалт у Беларусі, а таксама падтрымаць адміністрацыю МДЛУ у адстойванні канстытуцыйных і грамадзянскіх правоў студэнтаў і супрацоўнікаў; заявіць пра недапушчальнасць гвалту і запалохвання ў любой форме. Мы верым, што сумесныя дзеянні дапамогуць абараніць фундаментальныя маральныя, прававыя і гуманістычныя прынцыпы, на якіх базуецца вышэйшая адукацыя," – звяртаюцца да партнёраў выпускнікі.
Аўтары маюць намер максімальна распаўсюдзіць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі і ў МДЛУ у сусветнай акадэмічнай супольнасці. “Атмасфера страху і пагроз не адпавядае гуманістычным ідэалам, на якіх базуецца гуманітарная і педагагічная адукацыя. Мы лічым гвалт недапушчальным у сценах любой навучальнай установы”, пішуць выпускнікі.
Прэс-рэліз