69-гадовую пенсіянерку з Ваўкавыска асудзілі на 2,5 гады калоніі за каментары

Суд Бераставіцы і Бераставіцкага раёна асудзіў Галіну Міхальчук, 69-гадовую пенсіянерку з Ваўкавыска, на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму за каментары ў тэлеграм-канале, паведамляюць праваабаронцы. Прысуд вынес суддзя Андрэй Талочка, дзяржабвінаваўцам па справе выступіла Ала Кузьма.

kraty_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas3.jpg


Галіну Міхальчук асудзілі шляхам частковага складання пакарання па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — 367 («Паклёп у дачыненні да прэзідэнта»), 368 («Знявага прэзідэнта») і 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»).
Пацярпелымі па гэтай справе прызналі старшыню Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіла Сіцько, супрацоўніц АМАП Гродзенскага УУС Дар'ю Бандарчук і Марыю Мазуркевіч (заявілі іскі аб кампенсацыі маральнай шкоды на 1000 рублёў кожная), начальніка ППС Ваўкавыскага РАУС Віталя Асоцкага (пазоў 1500 рублёў). Усяго пенсіянерка напісала каля трох дзясяткаў каментароў.
Галіна Міхальчук адзначыла, што прызнае іскі толькі часткова, паколькі не зможа выплаціць усю суму цалкам, бо яе пенсія складае 500 рублёў. Яна таксама папрасіла выклікаць пацярпелых у суд для таго, каб яны расказалі, якія маральныя пакуты панеслі. Суддзя запытаўся ў абаронцы пенсіянеркі, як ён сабе гэта ўяўляе. Адвакат адзначыў, што не бачыць у гэтым чагосьці асаблівага, бо да Бераставіцы ехаць усяго 60 кіламетраў, а пацярпелыя заявілі ў сваіх пазовах адчувальныя сумы — тысяча і паўтары тысячы рублёў.
«А гэта што, вялікая сума?», — спытаў суддзя.
«А што на гэта павінен адказаць чалавек, які атрымлівае пенсію 500 рублёў?» — адказаў адвакат.
Сведкам па справе выступіў 78-гадовы муж пенсіянеркі. Ён адзначыў, што яго жонка раней не карысталася інтэрнэтам і не зусім разумее, што гэта такое, і што яна не мела намераў кагосьці абразіць.
У сваім апошнім слове пенсіянерка сказала, што пазбаўленне волі стане для яе «смяротным прысудам».
reform.by