80 гадоў таму пад Пінскам чэкісты жыўцом закапалі 53-х «ворагаў народа»

80 гадоў таму, у лесе каля вёскі Вулька-Гарадзішчанская, што пад Пінскам, чэкісты забілі 53-х вязняў пінскай турмы, так званых «ворагаў народа».

dubrouski7.jpg

Трагедыю на ўласныя вочы пабачыў мясцовы жыхар, які і распавёў пра дадзены факт. Эксгумацыю зрабілі 12 ліпеня 1941 года, на ёй прысутнічалі: прадстаўнікі акупацыйнай адміністрацыі, лекары і вяскоўцы. Выявілася, што ахвяраў не растралялі, а закапалі жыўцом.
Краязнаўца Эдвард Злобін гаворыць, што ўсяго з пінскай турмы чэкісты вывелі тры такія групы:
– Пайшлі па трох кірунках. У бок Століна праз раку Піну. Але пасля Плешчыц гэтая калона знікла. Пасля Плешчыц іх ніхто ніколі не бачыў. У бок Лагішына пайшла калона, іх згадваюць яшчэ ў Стаўку, Падбалоцці, а далей – не. Трэцяя калона пайшла ў бок Лунінца. Яны прайшлі Пінкавічы, пасля іх завярнулі ў лес паўднёвей вёскі Вулька-Гарадзішчанская і яны былі забітыя.
Суразмоўца не выключае, што дзве групы наўпрост загналі ў пінскія балоты, бо была такая магчымасць. На месцы забойства 53-х вязняў 2 лістапада 1991 года пінчукі ўсталявалі вялізны драўляны крыж з шыльдаю: “Ахвярам сталінізму. Чэрвень 1941”.
Беларускае Радыё Рацыя