«А ты размаўляеш па-беларуску? Зрабі крок наперад!»
15 лістапада стартуе анлайн-конкурс беларускамоўных відэаролікаў.
Юрась Юрчанка ў прэзентацыйным роліку праекту «Крок наперад»
Зазвычай ініцыятарамі падобных праектаў выступаюць грамадскія арганізацыі і ініцыятывы (да прыкладу, «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» або кампанія
«Будзьма беларусамі!»). Гэтым разам ініцыятыва сыходзіць ад прыватнай асобы.
24-гадовы мінчук Юрась Юрчанка распавёў «Нашай Ніве» аб праекце «Крок наперад» і падзяліўся сваімі ідэямі, задумамі і чаканнямі.
Футбаліст, эканаміст, беспартыйны
Юрась — прафесійны футбаліст у нядаўнім мінулым, мае вышэйшую эканамічную адукацыю, не ўваходзіць ні ў якія палітычныя партыі ці грамадскія арганізацыі. Яшчэ ў часе вучобы ў Беларускім
дзяржаўным эканамічным універсітэце ён звярнуў увагу на беларускую мову і яе стан.
Адказ быў відавочны: размаўляць! Першыя крокі да мовы даваліся нялёгка, скажу шчыра. Але з кожным днём я быў усё бліжэй да пастаўленай мэты. У авалоданні мовай вельмі дапамаглі беларуская літаратура і музыка, але ў першую чаргу — жывыя зносіны».
Вывучыць мову можа кожны
Свядома прыйшоўшы да беларускасці, хлопец сутыкнуўся з шэрагам праблем: малая пашыранасць мовы ў грамадстве, надзвычай слабая падтрымка з боку дзяржавы, а таксама няведанне роднай мовы і
абыякавасць да яе з боку многіх суайчыннікаў. Аднак, разгляд дадзеных праблем выключна ў палітычнай плоскасці ён лічыць памылкай.
«Вывучэнне мовы вымагае вялікіх намаганняў. Але гэта магчыма. Праз чытанне, слуханне музыкі, перапіску ў сеціве і асабістыя сустрэчы, удзел у розных культурніцкіх і адукацыйных
мерапрыемствах.
Прыкладам таму можа быць мой уласны досвед. Ці мноства іншых прыкладаў, калі людзі прыйшлі да роднай мовы зусім не з падачы школьных настаўнікаў. Канечне, беларускамоўная адукацыя мусіць
пашырацца. Але нельга пагарджаць альтэрнатыўнымі спосабамі вывучэння роднай мовы».
Не дзяліць беларусаў на «сваіх» і «чужых»
На думку Юрася, не варта праблему беларускай мовы зводзіць да ідэйна-палітычнага супрацьстаяння, трэба імкнуцца да дэпалітызацыі беларускасці.
Прычым вялікая частка беларускамоўных калісьці раней таксама размаўляла па-расейску і роднай мовай не валодала. Так, моўная праблема існуе, але гэта наша агульная праблема, якую трэба супольна
вырашаць, прычым на ўзроўні міжасабовых зносінаў. Не трэба дзяліць беларусаў на «сваіх» і «чужых», гэта вялікая памылка.
«Зрабі крок наперад!»
Разважаючы над праблемай пашырэння роднай мовы і ўзняцця яе грамадскага статусу, Юрась спыніўся на ідэі ажыццяўлення сацыяльнага праекту, які ў працэсе падрыхтоўкі атрымаў назву «Крок
наперад» і мае адбыцца ў фармаце анлайн-конкурсу відэаролікаў па-беларуску.
Вызначыўшы мэты і задачы, а таксама прадумаўшы канцэпцыю праекту, хлопец пачаў дзейнічаць.
«Спярша я вырашыў знайсці фундатараў і партнёраў для рэалізацыі праекту, што аказалася не так проста. З прапановай я звярнуўся ў больш чым 150 арганізацый і ўстановаў, як дзяржаўных,
так і прыватных. Аднак, у выніку толькі некалькі згадзіліся падтрымаць маю ініцыятыву.
Большасць з тых, да каго я звярнуўся, выказвала салідарнасць і разуменне грамадскай значнасці ўзнятай праблемы, але далей гэтага справа не ішла. Адгукнуліся і некаторыя інфармацыйныя рэсурсы,
якія ў межах сваіх магчымасцяў згадзіліся аказваць інфармацыйную падтрымку.
Далей высілкамі Юрася быў падрыхтаваны сайт krok-naperad.by, дзе змешчаная інфармацыя пра праект, правілы і ўмовы конкурсу, таксама прэзентацыйныя відэаролікі, якія хлопец запісаў за ўласны кошт
у адной са сталічных відэастудый.
Не зважаючы на пэўныя цяжкасці, ён не сумняваецца, што праект будзе мець поспех.
«На форме відэароліку я спыніўся таму, што гэта дае вялікія магчымасці для творчасці. Сёння зняць відэа можна з дапамогай разнастайных сродкаў (мабільны тэлефон, вэб-камера, відэакамера
альбо фотаапарат).
Па выніках адкрытага галасавання, якое пройдзе з 12 па 15 снежня, а таксама паводле адзнак журы, пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы.
***
Падрабязнасці аб праекце можна даведацца на сайце krok-naperad.by, а таксама патэлефанаваўшы па тэлефоне +375 25 943 87 58 ці напісаўшы на электронную
скрыню krok-naperad@mail.ru