Абарона Аляксея Кудзіна ў еўрапейскім судзе аспрэчыць рашэнне аб яго экстрадыцыі з Расіі ў Беларусь

Увесь час разгляду скаргі адвакатаў Кудзіна байца не змогуць выдаць на радзіму, дзе супраць яго вядзецца крымінальны пераслед, зазначае «Радыё Свабода».

Фота: «Трыбуна»

Фота: «Трыбуна»

Абарона Аляксея Кудзіна мае намер звярнуцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека з просьбай забараніць высылку спартсмена ў Беларусь. Пра гэта Tribuna.com сказала яго адвакатка Марыя Красава.
Паводле яе, Еўрапейскі суд па правах чалавека папросяць прымяніць да Кудзіна 39-е правіла аб забароне высылкі.
На ўвесь тэрмін, пакуль справа будзе разглядацца ў французскім Страсбургу, Аляксея не змогуць экстрадаваць з Расіі.
Пракуратура Расіі і суд пакуль не дазволілі байцу спатканне з жонкай. У расійскім СІЗА ён ладзіў групавыя трэнінгі сярод сукамернікаў. Паводле слоў адвакаткі, ён трымаецца бадзёра і верыць у лепшы зыход сваёй справы.
Шматразовы чэмпіён свету ў кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін ужо паўгода сядзіць у расійскім СІЗА і праз суд спрабуе абскардзіць рашэнне расійскіх улад аб экстрадыцыі яго ў Беларусь. На радзіме крымінальная справа на спартсмена заведзена за акцыю пратэсту ў Маладзечне 10 жніўня 2020 года паводле артыкула 363 КК («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак»). Максімальнае пакаранне па артыкуле — да 5 гадоў пазбаўлення волі.