Абаронцы Курапатаў абскардзілі рашэнне суду

2 ліпеня абаронцы Курапатаў накіравалі ў калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду касацыйную скаргу на рашэнне суддзі суду Цэнтральнага раёна горада Мінска Івана Майсейчыка, які 27 чэрвеня не задаволіў скаргу грамадзянаў супраць Генеральнай пракуратуры.



kurapaty_minharsud_skarha_padaca.jpg

Заяўнікі лічаць такое рашэнне суддзі Івана Майсейчыка незаконным, неабгрунтаваным і падлягаючым адмене, а справу – накіраванню ў той жа суд на новы разгляд.
У скарзе, накіраванай у суд Цэнтральнага раёна 17 сакавіка, прадстаўнікі грамадскасці прасілі абавязаць Генеральную пракуратуру прадпрыняць дзеянні для выпраўлення парушэнняў заканадаўства аб ахове Курапатаў з боку СТАА “БелРэстІнвест”, а таксама для вынасу 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такім чынам павінна быць выканана прадстаўленне Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 году.
Сярод заяўнікаў скаргі — старшыня ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 85-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадскія дзеячы і навукоўцы Вацлаў Арэшка і Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які восенню 2008 году затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.
Прынятае рашэнне Іван Майсейчік матываваў, між іншым, тым, што Генеральная пракуратура лічыць свае прадстаўленне Мінаблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 году “дзеючым”. Паводле словаў суддзі, прадстаўленне Генпракуратуры дагэтуль знаходзіцца ў працэссе выканання, паколькі не толькі прыпынены будаўнічыя работы на аб’екце прыдарожнага сервісу, але і вырашаюцца пытанні аб самавольным будаўніцтве з боку “БелРэстІнвесту”. Прычым, вынас 4 дамкоў з ахоўнай зоны Курапатаў будзе вырашацца паводле артыкулу 223 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Самовольная постройка и её последствия”), сказаў суддзя.
Вось чаму заяўнікі скаргі разглядаюць вынікі суду не як сваю паразу, а як першы крок да перамогі ў абароне Курапатаў ад чынавенства і забудоўшчыкаў, нягледзячы на тое, што суддзя адмовіўся задаволіць скаргу грамадскасці.