Адлічылі за перадачу брату?

Гэты ліст даслаў у рэдакцыю «НЧ» ужо былы студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Арцём Кавалёў. Прыводзім яго змест цалкам. Але з каментарамі.

Арцём Кавалёў

Арцём Кавалёў

верасні я ўдзельнічаў у парламенцкіх выбарах у якасці назіральніка. Пісаў скаргі ў пракуратуру, акруговую выбарчую камісію і ў выбарчы ўчастак па факце выяўленых парушэнняў. Куратар паведаміла мне, што дэканат цікавіўся ў яе з нагоды майго ўдзелу ў якасці назіральніка на выбарах, яны ведалі, дзе я і што я такое. На наступным тыдні, пасля выбараў, намеснік дэкана сказаў мне, што я атрымаю вымову, і я яе атрымаў у лістападзе 2016 года.

Да мяне ў пакой у інтэрнаце зачасцілі праверкі, і правяраючым асобам не падабалася ўсё: аж да таго, чаму мае кофты вісяць на крэсле, а не ляжаць у шафе. У пачатку студзеня мяне выклікалі да прарэктара па выхаваўчай працы і начальніцы аддзела па выхаваўчай працы (далей — начальніцы АВР), дзе мне было сказана, што я нядбайны студэнт, што яны не бачаць сэнсу трымаць мяне ва ўніверсітэце, і выказалі сумнеў наконт таго, што мне наогул дадзена вучыцца ва ўстанове вышэйшай адукацыі. Яны дайшлі нават выказалі незадаволенасць з нагоды майго стылю адзення, сказаўшы, што стыль адзення вызначае стаўленне чалавека да універсітэта, а мой стыль, нібыта, дае зразумець, што я дрэнна стаўлюся да вну.

Па факце яны мяне прыніжалі. Сказалі, што п'ю ў інтэрнаце, што ў іх ёсць доказы гэтага. Таксама дадалі, што мне будзе дадзена ўжо другая вымова, мяне выклічуць на савет прафілактыкі, і будуць весці прафілактычную работу са мной. Пагражалі, што калі я «папалю дзесьці не там, прыйду ў інтэрнат пасля 12-ці, у мяне будзе хоць адзін пропуск — адлічэнне»

Я не стаў маўчаць і пайшоў да рэктара. Сказаў, што мяне неабгрунтавана абвінавачваюць ва ўсіх грахах. Зразумела, не было ніякіх доказаў «распівання алкаголю», пра якія казала начальніца АВР. Рэктар у выніку вырашыла, што вымовы і прафілактычнай працы не будзе, але начальніца АВР настаяла на савеце прафілактыкі.

Савет прафілактыкі быў прызначаны на 30 студзеня, падчас маіх вакацый. Я патэлефанаваў начальніцы АВР з просьбай перанесці маё слуханне на іншую магчымую дату, бо ў гэты час буду дома, у 500 кіламетрах ад Брэста, і ў мяне няма грошай і часу, каб прыехаць на 20 хвілін і з'ехаць назад. У адказ я пачуў толькі «у цябе заўсёды ёсць прычыны няяўкі, давай ты будзеш вырашаць свае праблемы самастойна».

Я не стаў чакаць цуду і патэлефанаваў у прыёмную рэктара, мяне злучылі з першым прарэктарам, я расказаў яму, у чым справа, і ён адразу ж даў мне адказ, што маё слуханне правядуць у лютым. У выніку слуханняў не было зусім.

Такім чынам, я змог выйграць адну «бітву», але «вайна» працягнулася.

У суботу 25 сакавіка я збіраўся ў Мінск на семінар па стратэгічным планаванні. 24 сакавіка напісаў заяву на імя дэкана з просьбай вызваліць мяне ад заняткаў у суботу па сямейных абставінах, таму што інакш мяне б не адпусцілі, папярэдзіў выкладчыкаў, што не прыйду на пары, таму што буду ў Мінску на семінары.

Дэкан адмовілася падпісваць заяву, некалькі разоў задавала пытанне «вось яно табе трэба, скажы мне, калі ласка?», Сказала, што ў мяне шмат пропускаў, плюс яшчэ перадалі пропускі за фізкультуру, і калі ты прапусціш заняткі ў суботу — мы цябе адлічым. Я адказаў, што калі дэкан падпіша заяву, пропуск не будзе непаважлівы. Ц адказ яна задавала ўсё тое ж пытанне: ці трэба мне гэта. Я адказаў, што прыйду ў суботу на пары, яна адказала, што рада майму рашэнню, інакш у мяне б былі праблемы на наступным тыдні.

У суботу я пайшоў на пары, прапусціў адзін дзень семінара, з дэканату тэлефанавалі куратару і пыталіся, ці знаходжуся я ва універсітэце падчас суботніка (і не важна, што ён добраахвотны).

Пасля пар і суботніка я паехаў у Мінск на семінар, увечары даведаўся, што майго брата затрымалі супрацоўнікі міліцыі. У нядзелю раніцай перадаваў перадачу ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Тэлефанаваў намесніцы дэкана і пытаўся, ці можна мне застацца ў панядзелак у Менску, бо майго брата затрымалі, і ў панядзелак я хачу прысутнічаць на судзе. У адказ мне сказалі, што гэта наўрад ці будзе паважнай прычынай, бо я не ўдзельнік справы, і дазволіць пропуск заняткаў можа толькі дэкан, дэкан на званкі не адказвала.

Я не хацеў праблем ва універсітэце і ў панядзелак быў у Брэсце, пайшоў на пары, падчас заняткаў мяне выклікалі ў кабінет да дэкана, і дэкан сказала, што «мы з табой расстаёмся, у цябе занадта шмат пропускаў за люты-сакавік».

Гэта ўсё пры тым, што я быў актыўным студэнтам ва універсітэце: атрымліваў прэмію за актыўны ўдзел у жыцці ўніверсітэта, удзельнічаў у універсітэцкай алімпіядзе па краіназнаўстве на англійскай мове, заняў трэцяе месца. Удзельнічаў у канферэнцыях, валанцёрскіх мерапрыемствах, быў вядучым розных факультэцкіх мерапрыемстваў, выступаў перад ветэранамі ВАВ не проста ў якасці вядучага, а менавіта як студэнта Брэсцкага Дзяржаўнага Універсітэта імя А. С. Пушкіна. складаўся ў добраахвотніцкія атрады, і разам мы ездзілі ў некалькі школ у Брэсце і агітавалі паступаць на наш факультэт.

Я быў карысным студэнтам.

jyk79aczft4.jpg

«НЧ» паразмаўляў з прадстаўнікамі БрДУ імя Пушкіна. Дэкан сацыяльна-педагагічнага факультэта Надзея Леанюк пераадрасавала нас да прэс-службы вну, якая «ў курсе ўсіх пытанняў».

Кіраўнік прэс-службы вну Сяргей Марзан апынуўся сапраўды ў курсе справы, нават пашукаў дакументы Арцёма. Па яго словах, студэнт 2-га курса сацыяльна-педагагічнага факультэта Арцём Кавалёў быў адлічаны за сістэматычнае невыкананне абавязкаў студэнта, што выявілася ў тым, што ў яго прапушчана 84 акадэмічныя гадзіны заняткаў без паважнай прычыны. Перад гэтым у яго было два дысцыплінарных спагнанні — за пропускі заняткаў і за не яўку на агульны сход студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнаце.

На пытанне «НЧ», ці абавязковая прысутнасць студэнта на такім сходзе, Сяргей Марзан пацвердзіў: так, абавязковая.

Мы таксама задалі пытанне, ці па профільных прадметах былі гэтыя пропускі? Спадар Марзан адказаў, што гэта не мае значэння — пропуск ёсць пропуск.

З нагоды ўдзелу Арцёма ў якасці назіральніка на парламенцкіх выбарах, па словах кіраўніка прэс-службы ўніверсітэта, прэтэнзій да студэнта не было. Што ж датычыць сітуацыі з братам Арцёма, то пра яе прэс-сакратар БрДУ не ведае, таму што «ў выходныя ён можа ехаць, куды захоча». Але пры гэтым зазначыў, што тлумачэнні з нагоды пропускаў заняткаў у Арцёма Кавалёва браліся яшчэ 24 сакавіка — то бок, да падзей 25-га.

На аргументы кіраўніцтва БрДУ Арцём паведаміў, што дэкан у пятніцу казала, што калі ён не прапусціць заняткі ў суботу, то ўсё будзе нармальна. Плюс тэлефанавала яго маме, і казала, што калі ён будзе заўважаны на мітынгу, то яго адлічаць. На мітынгу Арцём заўважаны не быў, але ўжо ў панядзелак (нягледзячы на тое, што ў суботу студэнт быў на парах) напісала дакладную запіску пра яго пропускі.

І вельмі цікава тое, што дакладная запіска дэканам напісаная 27.03, у той жа дзень рашэнне пра адлічэнне  зацвердзіла «пярвічка» прафсаюза, і ў той жа дзень Арцём быў адлічаны…

Так бывае?