Аднаго з братоў, якім далі «суткі» за Дзень Волі, не адпусцілі. Ён у СІЗА, заведзеная крымінальная справа

27 сакавіка затрымалі братоў Сяргея і Івана Брусавых — яны сфатаграфавалі калону вайсковай тэхнікі, за што атрымалі пратаколы і 30 сутак. Але праз месяц на волю выйшаў толькі адзін з іх.

e7ozjdcl3h4_cuif0_f0ggu.jpg

Сяргей Брусаў ужо на волі. Ён паведаміў «Нашай Ніве», што пасля адбыцця пакарання яго брат Іван не выйшаў, бо быў затрыманы ў межах крымінальнай справы. Статус брата і іншых падрабязнасцей Сяргей не ведае.

«Ведаю толькі, што ён у СІЗА на "Валадарцы". За што ён там — інфармацыі не маю».

Нагадаем, браты Сяргей і Іван Брусавы 27 сакавіка вярталіся дадому па праспекце Незалежнасці. Міма праязджала вайсковая тэхніка, якую яны вырашылі сфатаграфаваць. Суду Іван растлумачыў, што тэхніку яны здымалі, бо яна ім спадабалася. Фатаграфаванне заўважылі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі хлопцаў, паведамляюць праваабаронцы.

У Першамайскім РУУСе на братоў склалі адразу па два пратаколы: па арт. 24.23 і 24.3 КаАП — гэта «мітынг» і «непадпарадкаванне».

На судзе браты прасілі не караць іх суткамі, бо іх маці нядаўна перанесла інсульт, ёй патрабуецца дапамога. Вырак суддзі Максіма Трусевіча — па 30 сутак кожнаму.

Маці братоў распавяла, што яны абодва зарабляюць на жыццё "халтурамі", падпрацоўваюць у прыватнікаў. Абодва разведзеныя, абодва маюць судзімасці за бойкі. Паводле слоў маці, Брусавы палітыкай асабліва не цікавіліся, у мітынгах і акцыях не ўдзельнічалі. Раней за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах братоў не затрымлівалі.