За пікет на акне «ў выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў» — 13 сутак арышту

40-гадовага Дзяніса Музыкіна супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС Мінска затрымалі 28 красавіка. На яго склалі пратакол паводле «народнага» артыкула 24.23 КаАП, паведамляе «Вясна».

Ілюстрацыйны здымак «Свабоды»

Ілюстрацыйны здымак «Свабоды»

У пратаколе сцвярджаецца, што Дзяніс «прыняў удзел у пікетаванні шляхам размяшчэння на акне налепак у выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў бел-чырвона-белай расфарбоўкі, формаўтвараючых БЧБ-сцяг, а таксама вывесіўшы на гаўбцы ручнікі бел-чырвона-белага колеру для дэманстрацыі грамадзянам сваіх палітычных інтарэсаў».

Суд над мінчуком прайшоў 29 красавіка. На пасяджэнні Музыкін патлумачыў, што жалюзі на акне пастаянна зачыненыя, таму звонку налепак не відаць. Па словах мужчыны, налепкі вісяць хутчэй асабіста для яго.

Суддзя Марыя Ярохіна прысудзіла Музыкіну 13 сутак арышту.

У мужчыны двое дзяцей — чатырох і шасці гадоў.