Адстаўка Навумава як індыкатар пераменаў у палітыцы і ўладнай эліце
Фармальнае тлумачэнне адстаўкі міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава стомленасцю і «запрацаванасцю» выклікала шквал крытыкі і ані кроплі даверу, бо яшчэ зусім
нядаўна экс-міністр дэманстраваў выдатную фізічную форму сваімі пешымі марафонамі. Журналісты і аналітыкі агучылі шэраг версій сыходу аднаго са старэйшых чальцоў каманды Аляксандра Лукашэнкі.
Прапануем вашай увазе артыкул палітолага Андрэя Ляховіча, у якім ён дае свае тлумачэнні ратацыі кадраў у эшалонах улады і магчымых наступстваў для краіны ад гэтых пераменаў.
Фармальнае тлумачэнне адстаўкі міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава стомленасцю і «запрацаванасцю» выклікала шквал крытыкі і ані кроплі даверу, бо яшчэ зусім
нядаўна экс-міністр дэманстраваў выдатную фізічную форму сваімі пешымі марафонамі. Журналісты і аналітыкі агучылі шэраг версій сыходу аднаго са старэйшых чальцоў каманды Аляксандра Лукашэнкі.
Прапануем вашай увазе артыкул палітолага Андрэя Ляховіча, у якім ён дае свае тлумачэнні ратацыі кадраў у эшалонах улады і магчымых наступстваў для краіны ад гэтых пераменаў.
Прадвызначаная адстаўка
Наўрад ці падставай для адстаўкі стала нядаўняе распаўсюджванне ў інтэрнэце звароту ананімных супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у якім выказваліся прэтэнзіі да працы Навумава. Таксама ёсць падставы
сумнявацца ў іншых чынніках адстаўкі, якія называюць аналітыкі. У прыватнасці, сцвярджаецца, што пад кіраўніцтвам Навумава так і не было раскрыта самае гучнае злачынства апошняга часу —
выбух на афіцыйным канцэрце ў Дзень незалежнасці 3 ліпеня 2008 года.
Аднак расследаванне гэтага здарэння павінна было знаходзіцца ў кампетэнцыі не МУС, а КДБ, як і кожная крымінальная справа, распачатая па артыкулах «тэрарызм» і «замах на
жыццё вышэйшых службовых асобаў». Тое, што на Уладзіміра Наумава было ўскладзенае кіраванне расследаваннем, азначала, што ўжо ў ліпені 2008 года ён быў «казлом адпушчэння».
Яго адстаўка была прадвызначана яшчэ ў той час.
Версія, што адхіленнем Навумава ад пасады Лукашэнка хоча залагодзіць Захад, каб паехаць у Прагу на саміт «Усходняга партнёрства», з’яўляецца справядлівай толькі часткова.
Улада імкнецца весці дыялог з Захадам, але па шэрагу прычынаў Лукашэнка не збіраецца ехаць у Прагу. Рэпрэсіямі ў лютым ён паказаў, што будзе весці дыялог, дэманструючы сілу сваіх пазіцый. Асабіста
паехаць у Прагу азначала б для яго прадэманстраваць сваю слабасць.
Ратацыя кадраў
Адстаўка Навумава з’яўляецца заканамернай у святле пераменаў, што адбываюцца ў Беларусі. З аднаго боку, улада хоча ўказаць Захаду на гэтыя перамены, з іншага — адстаўка
з’яўляецца галоўнай праявай тых пераменаў, пра якія афіцыйны Мінск не гаворыць. Але менавіта гэтыя перамены вызначаюць характар развіцця сітуацыі ў краіне. Найперш гэтым крокам улада дае
пазітыўны сігнал для Захаду. Гаворыць, што зацікаўлена ў працягу дыялогу, што будзе сама змяняцца «ў лепшы бок», калі дыялог працягнецца, а Беларусь уключаць у праграму
«Усходняга партнёрства». Ад пасад адхіляюць асобаў, наяўнасць якіх ва ўладзе стварае праблемы ў развіцці адносін з Захадам. Уладзімір Навумаў — апошні высокапастаўлены
фігурант справы аб палітыках-суперніках Лукашэнкі, якія зніклі ў 1999 годзе (у той час Навумаў узначальваў службу бяспекі прэзідэнта).
Гэта ратацыя кадраў паказвае на моцныя пазіцыі групаў у складзе кіруючай эліты, якія выступаюць за аўтарытарную мадэрнізацыю, за падкантрольную павольную палітычную лібералізацыю. Маецца на ўвазе
група сына прэзідэнта Віктара Лукашэнкі і група тэхнакратаў на чале з прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім. Яны ініцыявалі буйныя ратацыі ў складзе сілавых і кантрольных структур, каб
правесці наверх сваіх прызначэнцаў.
Роля сілавых (КДБ, МУС) і кантрольных (Камітэт дзяржкантролю, пракуратура) структур у палітычнай сістэме Беларусі зніжаецца. Яны знаходзяцца пад кантролем груп, якія выступаюць за асцярожныя,
пралічаныя, але ўсё ж змены ў Беларусі. Навумаў быў апошнім прадстаўніком калісьці магутнай групы сілавікоў і кантралёраў на чале з дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі Віктарам Шэйманам. Адхіленне
Уладзімера Навумава — апошні крок у поўным падпарадкаванні кантралёраў і сілавікоў.
Суадносіны сіл
Чым больш падкантрольнымі тэхнакратам і групе Віктара Лукашэнкі станавіліся кантрольныя і сілавыя структуры, тым больш актыўныя крокі рабіліся ў кірунку эканамічнай лібералізацыі. Атрымалася
пазбавіцца ад прэсінгу сілавікоў і кантралёраў у дачыненні дырэктарскага корпуса, усё малаверагодней становіцца антыкарупцыйная кампанія супраць эканамічнай эліты. Можна сказаць, што гэтым ствараюцца
дадатковыя ўмовы для эканамічнай лібералізацыі.
Працяг чысткі ў складзе кантрольных і сілавых структур паказвае на тое, што прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца эканамічная мадэрнізацыя, паляпшэнне структуры і якасці
(інстытуцыянальных і функцыянальных характарыстык) дзяржаўнага апарата. Эканамічныя менеджэры-тэхнакраты, юрысты і дыпламаты запатрабаваныя, уплывовыя. У адрозненні ад сілавікоў і кантралёраў, якія
апынуліся на другіх, падпарадкаваных ролях.
Характэрна, што ўлетку 2007 года хадзілі чуткі, што У. Навумаў будзе прызначаны прэм’ер-міністрам. Аднак было зразумела, што Навумаў не зменіць Сідорскага.
У цэлым улада ў Беларусі становіцца больш прагматычнай, больш гатовай да інавацый, зменаў. У тым ліку падвышаецца верагоднасць крокаў з боку ўлады ў кірунку палітычнай лібералізацыі. Бо бачны моцны
ўплыў тых, хто ў стане пралічыць гэтыя крокі і іх наступствы.
Тэндэнцыі
У складзе ўлады ўзмацняецца прадстаўніцтва тых, хто гаворыць па-беларуску, лічыць сябе беларусам і еўрапейцам (дастаткова ўзгадаць адпаведныя заявы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра
Макея), хто ведае гісторыю Беларусі ў яе несавецкім разуменні. Улада будзе працягваць «забіраць» у апазіцыі тэму беларускай гісторыі, культуры, мовы. Кшталту таго, як раней забралі
тэму незалежнасці Беларусі.
Уладзімір Навумаў — выхадзец з Расіі (са Смаленску). Ён не прамовіў ніводнага слова па-беларуску, у адрозненні ад Макея, які выступае па-беларуску, і нават Лукашэнкі, які ўжывае беларускія
словы (напрыклад, «фанабэрыстыя расіяне»). Прыйшоў час, калі быць ва ўладзе выключна рускамоўным, не ведаць беларускай, не гаварыць нават «на трасянцы» азначае
вылучацца ў горшы бок.
Адстаўка Навумава пацвярджае, што ў складзе ўлады няма груп, якія маглі б выступаць у ролі лабістаў расійскіх інтарэсаў, за «сапраўдную» інтэграцыю, як гэтага хоча Расія. Улада
досыць кансалідаваная, што тычыцца незалежнасці Беларусі. Таму Беларусь не зробіць крокаў у накірунку «сапраўднай» інтэграцыі з Расіяй. Не будзе складзены пад дыктоўку Масквы
«Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы». Не адбудзецца аб’яднання грашовых сістэм. Беларусь не перадасць пад кантроль Расіі бюджэтаўтваральныя прадпрыемствы.
Беларусь будзе дэманстратыўна таптацца на месцы ў пытаннях ваеннай інтэграцыі, праводзіць сумесныя вучэнні, каб дэманстраваць ролю «шчыта» супраць NАТO і адзінага саюзніка. Але пры
гэтым не аддасць пад кантроль усходняй суседкі сваю сістэму СПА. Не пойдзе на павелічэнне ваеннай прысутнасці Расіі, не адправіць вайскоўцаў праліваць кроў за інтарэсы АДКБ, то бок Расіі. І рэжым
Лукашэнкі не прызнае незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, бо не хоча быць прывязаным да Расіі, не хоча, каб яго лічылі марыянеткай.
У выніку захоўваецца верагоднасць чарговага газавага канфлікту з Расіяй. У выпадку ціску з боку Расіі, прад’яўлення непрымальных патрабаванняў, як гэта было ў студзені 2004 года, Беларусь
адкажа на той жа мове, што і тады. Як вынік, не варта чакаць, што Расія вылучыць на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ў Беларусі свайго кандыдата. Яна будзе пасіўна або актыўна падтрымліваць кандыдатуру
Аляксандра Лукашэнкі.