Адвакат «дармаедаў» стаў лаўрэатам прэміі Французскай Рэспублікі
Юрыст прафсаюза РЭП і праваабаронца цэнтру «Вясна» Леанід Судаленка атрымае яе ад міністра юстыцыі Францыі ў Парыжы на наступным тыдні.
Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку Андрэй Стрыжак.
Калегі Леаніда Судаленка з РГА «Прававая ініцыятыва» адзначаюць, што ўручэнне французскай прэміі іх калегу — гэта прызнанне працы па абароне правоў чалавека ўсіх беларускіх праваабаронцаў.
«Леаніда не зламалі ні шматлікія ператрусы, ні пагрозы ў яго адрас і ў адрас яго дзяцей, ні правакацыі з крымінальнымі абвінавачваннямі, ні пастаянны паклёп у яго адрас у сетцы Інтэрнэт. Ён мужна абараняе правы іншых людзей і мае намер працягваць гэтую працу».
«Гэтая прэмія — знак таго, што працу Леаніда бачаць не толькі простыя людзі, якім дапамагае праваабаронца, але і міжнародная супольнасць, для якой правы чалавека з'яўляюцца безумоўнай каштоўнасцю», — дадаў Андрэй Стрыжак.
Паводле gazetaby.com