Адвакат Сяргей Зікрацкі з'ехаў з Беларусі

Пасля таго, як у сакавіку адваката пазбавілі ліцэнзіі, ён з'ехаў у Вільню.

Сяргей Зікрацкі, фота «Наша Ніва»

Сяргей Зікрацкі, фота «Наша Ніва»

Пра свой пераезд Сяргей Зікрацкі распавёў у Фэйсбуку.
«У красавіку 2013 года мяне прынялі ў калегію адвакатаў, у сакавіку 2021 года мяне з яе выключылі.
За гэтыя 8 гадоў я стварыў невялікі бізнес, які заплаціў у бюджэт Беларусі некалькі дзясяткаў тысяч еўра толькі прамых падаткаў. Можна было б дадаць да гэтай лічбы яшчэ выплаты ў ФСАН і падаходны падатак на зарплату маіх супрацоўнікаў.
За гэтыя 8 гадоў праз мяне прайшлі 8 памочнікаў, якіх я браў са студэнцкай лавы або адразу пасля заканчэння ВНУ. І я ганаруся, што даў гэтым людзям разуменне юрыдычнай прафесіі і ўменне не толькі чытаць законы, але і прымяняць іх на практыцы.
Мяне пазбавілі маёй любімай прафесіі, пазбавілі майго бізнесу. Ці павінен я абурацца і злавацца на гэтую краіну? Абурацца — так, злавацца на краіну — не.
Я люблю Беларусь і разумею, што тое зло, якое адбываецца сёння ў маёй краіне, робяць пэўныя людзі. І гэтыя людзі не маюць нічога агульнага з Беларуссю.
Таму я не магу злавацца на Беларусь, а маю намер працягваць рабіць усё магчымае, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі. На жаль, у бягучых рэаліях я не магу гэта рабіць у Мінску.
З 1 траўня маім часовым домам стане Вільня.
Вельмі спадзяюся хутка вярнуцца ў свабодную Беларусь», — напісаў адвакат.