Адышла ў лепшы свет Вера Кунцэвіч — заснавальніца хору «Бацькаўшчына»
Памерла заснавальніца Хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына» — Вера Кунцэвіч. Гэта здарылася ўначы 27-га ліпеня.
Вера Васільеўна Кунцэвіч памерла сёння ўначы, з-за цяжкай хваробы, напісаў Вітаўт Руднік на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Светлы і таленавіты чалавек, які ў нармальнай краіне даўно быў бы ўшанаваны шматлікімі ўзнагародамі, які ўсё жыццё марыў, каб Беларусь урэшце стала вольнай, каб мова і культура нашыя зберагаліся і развіваліся…».
«За апошнія дзясяцігоддзі мала якое культурніцкае беларускае мерапрыемства ў Гародні абыходзілася без удзелу Хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына», які яна стварыла і паставіла на ногі, зрабіўшы вядомым на ўсю Беларусь, — напісаў Вітаўт Руднік і нагадаў: Вера Кунцэвіч была таксама адной з удзельніц ініцыятыўнай групы па стварэнні нашага «Універсітэту Залатога Веку».
Вяла ў нас «Беларускія вячоркі», стварыла хор «УЗВышша», які існуе да гэтага часу, ініцыявала правядзенне «Гукання вясны» ды іншых культурніцкіх імпрэзаў УЗВ.
Светлы і таленавіты чалавек, які ў нармальнай краіне даўно быў бы ўшанаваны шматлікімі ўзнагародамі, які ўсё жыццё марыў, каб Беларусь урэшце стала вольнай, каб мова і культура нашыя зберагаліся і развіваліся…».
Вера Кунцэвіч нарадзілася 22 траўня 1954 года. Яна прафесійны музыка, выкладала ў педагагічным каледжы (цяпер — Гуманітарны коледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Я.Купалы) дырыжыраванне і фальклор, нагадвае hr*dna.life.
Заснавала ў 1991 годзе хор беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына», якім кіравала 20 гадоў. Ужо ў 1991 годзе у рэпертуары хору былі песні “Магутны Божа”,“Неба і зямля”, “Ой на моры, моры”, “Учора з вячора...” , “Ціхая ноч”.
Хор даў сотні канцэртаў, стала ўдзельнічаў у фестывалях, рэлігійных службах і нацыянальных каляндарна-абрадавых святах — на Вялікдзень, Купалле, Каляды. Музыкі неаднаразова выязджалі з канцэртамі за мяжу: у Польшчу, Украіну, Літву, Данію, Нямеччыну, Францыю. У 2017 годзе хор адсвяткаваў сваё 25-годдзе.
Таксама Вера Кунцэвіч была адной з удзельніц ініцыятыўнай групы па стварэнні і выкладчыцай у гродзенскім «Універсітэце Залатога Веку» — праграме паляпшэння якасці жыцця сталых людзей. У межах гэтага праекта яна стварыла хор «УЗВышша», праводзіла «Беларускія вячоркі», ладзіла Гуканне вясны ды іншыя народныя святы.