Адзін з стваральнікаў «Мультклуба» не збіраецца вяртацца ў Беларусь

Павел Марозаў — палітуцякач з Беларусі, якому пагражала да чатырох гадоў турмы па справе сатырычнага інтэрнэт-праекту «Мультклуб». У свой час папрасіў палітычны прытулак у Эстоніі, дзе знаходзіцца да гэтага часу.

Павел Марозаў

Павел Марозаў

“Пакуль не вярнуся, бо не хочацца жыць і працаваць пад наглядам спецслужб”, — кажа суразмоўца сайта palitviazni.info.
Нагадаем, што яшчэ ў жніўні 2005 года пракуратура Мінска распачала крымінальную справу па факце распаўсюджвання ў інтэрнэце мультфільмаў, «якія ганьбяць гонар і годнасць прэзідэнта Беларусі». Крымінальны кодэкс прадугледжваў пакаранне за падобнае злачынства ў выглядзе пазбаўлення або абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў.

Эстонія: рускія — яны такія


У рамках крымінальнай справы ў якасці сведак былі дапытаны адміністратар сайта Андрэй Абозаў і каардынатар праекта Павел Марозаў. Супрацоўнікі КДБ правялі ў іх кватэрах вобшукі, канфіскавалі 12 адзінак камп’ютарнай тэхнікі, на якіх маглі стварацца мультфільмы. Усе фігуранты “справы “Мультклуба” не сталі чакаць арыштаў і выехалі ў сумежныя краіны. Павел Марозаў папрасіў палітычны прытулак у Эстоніі, дзе жыве і працуе да гэтага часу.
“Наколькі мне вядома, у Беларусі крымінальная справа “Мультклуба” прыпынена, але дакладна не закрыта, — распавядае Павел. — Праўда, не ведаю, колькі часу яна можа цягнуцца”.
Са слоў суразмоўцы, у Эстоніі ён па-ранейшаму — грамадзянін Беларусі, хоць жонка і дзеці маюць эстонскае грамадзянства. Працуе над шэрагам праектаў, адзін з лідараў беларускай дыяспары ў Эстоніі.
“Ужо больш за дзесяць гадоў знаходжуся за мяжой, і, безумоўна, не раз было жаданне вярнуцца ў Беларусь, — працягвае ён. — Але ў той жа час цудоўна разумею, што праз гэта трэба нейкім чынам дамаўляцца з сілавымі структурамі, у якіх адзначначна ўзнікне шэраг пытанняў і па старой крымінальнай справе, і па таму, чым у будучым збіраюся займацца. Адным словам, жыць і працаваць у клетцы, пад наглядам спецслужб не хочацца. Таму пакуль варыянт вяртання на радзіму не разглядаю. Магчыма, калі ўлада зменіцца, я з сям’ёй усё-такі прыеду ў родную краіну”.
Пра паляпшэнне беларуска-еўрапейскіх стасункаў Павел Марозаў выказваецца скептычна:
“Складваецца ўражанне, што гэтыя стасункі дасягнулі сваёй вяршыні. У Еўропе ўжо, відаць, забыліся пра тыя рэпрэсіі, што былі раней, прадстаўнікоў беларускай улады запрашаюць у Брусель, але, хутчэй за ўсё, кожны застаецца пры сваім. Еўрапейцы вырашаюць нейкія свае геапалітычныя пытанні, беларускія кіраўнікі — свае”.