Афіцыйныя прафсаюзы абвяшчаюць акцыю добраўпарадкавання ў Курапатах
25 сакавіка ў Курапатах адбудзецца працоўная акцыя. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў старшыня афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.
Па яго словах, афіцыйныя прафсаюзы заклікаюць усіх неабыякавых грамадзян і арганізацыі незалежна ад палітычных прыхільнасцяў ды веравызнання прыняць удзел у гэтай добрай справе. Ён дадаў, што ўжо ідуць заяўкі на ўдзел ад грамадзян і арганізацый.
Таксама Орда паведаміў, што плануецца абвясціць конкурс на стварэнне мемарыяла памяці і смутку ў Курапатах. Конкурс будзе праходзіць адкрыта. Нагадаем, што рашэнне пра помнік у Курапатах было прынятае амаль 30 гадоў таму — яшчэ ў часы БССР.
Дарэчы, кіраўнік прафсаюзаў не забыўся плюнуць услед абаронцам Курапатаў, якія нядаўна адстаялі мемарыял ад чарговай будоўлі. Орда заявіў: «Нельга на памяці зарабляць сумнеўныя палітычныя дывідэнды, тым больш калі гэтымі правакацыямі карыстаюцца для таго, каб разгайдаць грамадства».
Паводле euroradio.fm