Акцыю памяці Вінцэнта Гадлеўскага зладзілі на месцы знесенага ўладамі крыжа

24 снежня — дзень памяці айца Вінцэнта Гадлеўскага, вядомага беларускага палітычнага, грамадскага і рэлігійнага дзеяча, лідара антынацысцкага супраціву.

img_5699.jpg

Рух Салідарнасці “Разам” ужо больш за 10 гадоў ладзіць акцыі памяці вялікага сына беларускага народа каля Крыжа, які быў усталяваны ў 2008 годзе ва ўрочышчы Благоўшчына, што пад Мінскам, на месцы яго расстрэлу нацыстамі. Але сённяшнія ўлады пазбавілі святара нават права пакоіцца пад крыжам. Крыж знеслі.

Таму, па старой беларускай традыцыі, малітва і ўшанаванне памяці святара адбывалася каля крыжа, прымацаванага на дрэве, што захавалася на тым самым месцы.

img_5698.jpg

img_5702_.jpg

Пасля малітвы аб спачынне душы, якую чытаў святар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а. Вікенцій, прагучалі словы пашаны і падзякі да за самаахвярнае служэнне беларускаму народу.

Мікола Бамбіза распавёў пра жыццё і гераічны чын айца Вінцэнта Гадлеўскага, адзначыўшы яго ролю як ідэолага беларускага нацыянальнага руху.

Алена Талстая, сустаршыня Руха Салідарнасці "Разам", падзякавала прысутных за захаванне і ўшанаванне памяці вялікага беларускага нацыяналіста і выказала спадзяванне, што Крыж будзе адноўлены, і да яго будуць заўжды прыходзіць беларусы.

_img_5705.jpg

Пасля хвіліны маўчання прагучаў беларускі нацыянальны гімн "Магутны Божа" і тройчы — вокліч "Жыве Беларусь!"


Паводле прэс-службы Руху Салідарнасці "Разам"