Акцыю памяці памерлага ў СІЗА Ігара Пцічкіна разагналі
Сёння ў Мінску каля турмы на Валадарскага мелася прайсці акцыі памяці памерлага ў СІЗА Ігара Пцічкіна. Сваякі сабраліся на Нямізе і рушылі ў бок турмы. На рагу Гарадскога валу і Нямігі да ўдзельнікаў акцыі пад’ехаў сіні мікрааўтобус з нумар 9427 IK7.
Удзельнікаў акцыі затрымалі па дарозе да турмы на вуліцы Валадарскага
Затрымалі ўдзельнікаў акцыі, а таксама карэспандэнта Свабоды Алега Груздзіловіча, журналістаў «Нашай Нівы» Ірыну Арахоўскую і Ганну Бадзяку, лідэра праваабарончага
аб’яднаньня «Платформа» Андрэя Бандарэнку, які дапамагаў сям'і праясніць акалічнасці смерці Пцічкіна, паведамляе Радыё Свабода.
Журналістаў, якія стаялі побач, адвялі ў бок і сказалі апусціць камеры.
Дзяўчаты слухаўку не здымаюць, але мяркуецца, што адвезлі ў пастарунак.
21-гадовы Ігар Пцічкін мусіў адбыць у СІЗА на Валадарскага трохмесячны арышт: сеў за руль аўто, хаця быў пазбаўлены правоў.
30 ліпеня ён прыехаў у Заводскае РУУС Мінска, каб адбыць пакаранне і затым быў дастаўлены ў СІЗА № 1 на Валадарскага. 4 жніўня Пцічкін памёр.
На сустрэчы з начальнікам СІЗА родным хлопца паведамілі, што ў Ігара 3 жніўня пачалося «псіхаматорнае ўзбуджэнне». І яго змясцілі ў медыцынскую часць, «дзе давялося
фіксаваць яго мяккімі рамянямі». На фатаздымках трупа Пцічкіна заўважныя шматлікія сінякі. Фоты выкладзеныя ў агульны доступ у суполцы Укантакце.
Афіцыйная прычына смерці Пцічкіна пакуль не называецца. Працягваюцца экспертызы.
nn.by