Сёння 40 дзён з дня забойства Ігара Пцічкіна ў СІЗА-1
За ўвесь гэты час, Следчым камітэтам Маскоўскага раёна г. Мінска так і не агучана якіх-небудзь вынікаў праверкі. На думку следчых і пракуратуры, падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы да гэтага часу няма. Сваякі і сябры загінулага заклікаюць усіх неабыякавых прыйсці ў суботу 14 верасня да СІЗА-1 (г. Мінск, Валадарскага, 2) у 13-00 і ўшанаваць хвілінай маўчання Ігара Пцічкіна.
Са слоў Ірыны Пцічкінай, смерць Ігара не адзіная ў месцах пазбаўлення волі і 14 верасня павінны прыйсці тыя, хто страціў сваіх родных і блізкіх у турмах Беларусі.
Нагадаем, што 15 мая 2013 года мінчук Ігар Пцічкін судом Заводскага раёна г. Мінска быў прысуджаны да 3 месяцаў адміністрацыйнага арышту за здзяйсненне злачынства, прадугледжанага артыкулам 417
Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Невыкананне прысуду суда аб пазбаўленні права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю).
Раніцай 4 жніўня 2013 г. Ігар Пцічкін, якому ў лістападзе гэтага года споўнілася б 22 гады, памёр у СІЗА № 1.
Супрацоўнік СІЗА № 1, які паведаміў маме страшную навіну, агучыў і прычыну смерці Ігара — сардэчны прыступ.
platformarb.com