Актывіст кампаніі "Гавары праўду" Павел Вінаградаў затрыманы, яго зноў будуць судзіць

Актывіст маладзёжнага крыла "Zмена" кампаніі "Гавары праўду" Павел Вінаградаў быў затрыманы шчора за адміністрацыйнае правапарушэнне, разгляд якога адбудзецца сёння, 3 кастрычніка, у судзе Маскоўскага раёна.



vinogradov_v_532.jpg

Пра гэта праведаміла жонка Вінаградава Святлана Вінаградава на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook. 


Яна расказала, што ў чацвер, 2 кастрычніка, Павел Вінаградаў традыцыйна пайшоў адзначацца ў міліцыю, адкуль ужо не вярнуўся: "Пайшоў адзначацца, пазваніў і сказаў, што там нейкі дзіўны кіпіш, сувязі з ім няма ўжо каля гадзіны. Паводле апошніх звестак, ён у РУУС, з ім нібыта размаўляюць. Але мы ж з вамі ведаем, чым звычайна заканчваюцца такія гутаркі". 


"Затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэнне, заўтра суд Маскоўскага раёна", — дапоўніла пазней Святлана Вінаградава.


Апошні раз Вінаградаў затрымліваўся міліцыяй 11 верасня і быў асуджаны на 15 сутак арышту. На волю ён выйшаў 26 верасня і заявіў, што плануе і надалей займацца грамадскай дзейнасцю, нягледзячы на пагрозы і рэпрэсіі ўлад.


26-гадовы Павел Вінаградаў — адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, быў асуджаны на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены на падставе ўказа Лукашэнкі аб памілаванні. Як мінімум да 25 кастрычніка будзе знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам. Аляксей Арэшка, БелаПАН