Актывіста Моладзі БНФ прымушаюць плаціць унёскі ў БРСМ

Ад кіраўніка абласной арганізацыі Моладзі БНФ Дзяніса Мандзіка, які вучыцца на 1-м курсе БДТУ, патрабуюць заплаціць унёскі ў БРСМ — кажуць, што інакш усёй групе не дазволяць засяліцца ў інтэрнат.

bs0711nov_8_660x440.jpg

Як распавёў Дзяніс Мандзік, у БРСМ яго аўтаматычна залічылі яшчэ ў 8-м класе школы, прычым ён нават ня ведаў гэтага. Калі актывіст паступіў у ВНУ, то ён адмовіўся плаціць унёскі і праз гэта на яго пачалі ціснуць.
«Сакратар БРСМ у ВНУ цяпер кажа, што, калі я ня здам унёскі, нікому з нашай групы не дадуць інтэрнат (а да 21 красавіка ў нас як раз ідзе падача дакументаў на інтэрнат). Я ня ведаю, ці могуць яны так зрабіць, але яны хочуць, каб мае аднагрупнікі паўплывалі на мяне. Аднагрупнікі цяпер кажуць мне, каб я зрабіў усё, каб ім далі інтэрнат», — кажа Дзяніс.
Плаціць унёскі актывіст не жадае. Выйсці з БРСМ Дзянісу таксама не даюць:
«Мне тлумачаць, што нібыта да 33 год выйсці з БРСМ немагчыма».
Паводле belsat.eu