Актывістаў Саюза палякаў і журналістаў Анджэя і Інэсу Пісальнікаў дапыталі і вызвалілі
Затрыманыя ўдзень гродзенскія журналісты Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік — на волі, паведамляе БАЖ.
Сужонкаў дапыталі ў Мінску і вярнулі назад у Гродна.
Сёння ў журналістаў прайшоў агляд кватэры. Пасля гэтага іх перавезлі з Гродна ў Мінск. Позна ўвечары стала вядома, што журналістаў адпусцілі. У якім яны прававым статусе — пакуль невядома.
Учора, 13 красавіка, Анджэй Пісальнік быў у пракуратуры, дзе яго папярэдзілі аб недапушчэнні выказванняў, якія могуць супярэчыць патрабаванням заканадаўства Беларусі аб нацыянальных меншасцях і аб супрацьдзеянні экстрэмізму.
У эфіры польскіх радыёстанцыяў «Radio 24» і «Radio 4» у пачатку красавіка 2021 года журналіст і актывіст незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў Анджэй Пісальнік заявіў, што ў беларускіх СМІ пачата шырокамаштабная прапаганда супраць Польшчы. На думку актывіста, збор праваахоўнымі органамі звестак пра вучняў, якія праходзяць навучанне ў грамадскіх школах, — гэта форма застрашвання настаўнікаў і вучняў, а таксама намер уладаў да дыскрэдытацыі і далейшай адмовы насельніцтва Беларусі ад навучання польскай мове, гісторыі і польскасці ў цэлым, піша Hrodna. life.
Яго выказванні «загадзя беспадстаўныя» і «відавочна накіраваны на распальванне міжнацыянальнай варожасці», лічаць у пракуратуры. На думку следчых, Пісальнік хацеў «узбудзіць у насельніцтва нацыянальную варожасць і розніцу на моўнай глебе, сфармаваць непрыязнасць і недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю аб іх дзейнасці».
Інэса Тодрык-Пісальнік і Анджэй Пісальнік супрацоўнічаюць з польскімі медыя. Анджэй Пісальнік таксама з'яўляецца кіраўніком Федэрацыі польскіх медыя на Усходзе.
У сям'і выхоўваецца непаўнагадовы сын.