Актывістку Ніну Багінскую будуць судзіць за бел-чырвона-белы сцяг
Пра суд Ніна Багінская даведалася 13 красавіка, калі наведала РУУС Маскоўскага раёна, супрацоўнікамі якога была затрыманая 10 красавіка. Дату адміністратыўнага працэсу ёй пакуль не паведамілі.
Ніна Багінская. Фота tut.by
З РУУСу Ніну Багінскую адразу накіравалі ў суд Маскоўскага раёна, паведаміўшы, што на 14:30 прызначаны разгляд заведзенай на яе адміністратыўнай справы. Калі актывістка прыехала ў суд, то апынулася, што матэрыялаў справы там яшчэ няма, яны былі дастаўлены туды толькі ў 15:30. Паколькі суддзя Таццяна Мотыль, якой справа перададзеная на разгляд, была занятая ў крымінальным працэсе, спн. Багінская не стала яе чакаць, пакінуўшы ў судзе хадайніцтва аб тым, каб ёй паведамілі пра дату разгляду справы.
Варта дадаць, што ў РУУСМаскоўскага раёнаактывістка з’явілася па вусным запрашэнні супрацоўнікаў міліцыі, якія ажыццяўлялі затрыманне.
Затрымалі Ніну Багінскую ля Чырвонага касцёла пасля акцыі ўшанавання памяці ахвяраў смаленскай катастрофы, як толькі яна разгарнула бел-чырвона-белы сцяг. З яе словаў, зместу складзенага адміністратыўнага пратаколу яна не ведае, бо адмовілася яго падпісваць. Затрыманую адпусцілі з РУУСу 10 красавіка больш як праз тры гадзіны, але сцяг, нягледзячы на яе патрабаванні, не аддалі.