Актывісты Брэста плануюць мітынгі супраць акумулятарнага завода
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, па два мітынгі плануецца 9 і 10 лютага ў Брэсце на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначана мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў. Дэманстрацыя «Заводу тут не месца» — 9 лютага ў Брэсцкім раёне побач з прадпрыемствам.
Мэта мерапрыемстваў — выказванне пратэсту супраць будаўніцтва завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй «АйПауэр», інфармаванне грамадзян пра шкоду вытворчасці для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя.
«Чыноўнікам, якія сцвярджаюць, што гэта прадпрыемства будзе бяспечным, жыхары рэгіёна не вераць і дамагаюцца закрыцця завода», — заявіў праваабаронца.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 48 мітынгаў, 12 пікетаў і шасці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг «Брэстчанкі супраць свінцу», на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.
Праціўнікі прадпрыемствы зьбіраюцца з 25 лютага кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Брэсце.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА «АйПауэр» вядзецца на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.
naviny.by