Алег Трусаў: Праз пару гадоў будзем на адкрыцці Беларускага ўніверсітэта
У Міжнародны дзень роднай мовы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавёў пра беларусізацыю ў краіне.
— У апошні час зрухі на шляху да беларусізацыі, безумоўна, ёсць, — адзначае Алег Трусаў. — Сёння АНТ абвясціла пра тое, што наша краіна піша вялікую беларускую дыктоўку. Абвясціла пра тое, што Таварыства беларускай мовы распачало яшчэ дзесяць гадоў таму. А зараз гэта праводзіцца на дзяржаўным узроўні, і пра юбілейную дыктоўку распавядаюць дзяржаўныя СМІ. Дыктоўку пішуць (альбо ўжо напісалі) у многіх раёнах, у школах і ўніверсітэтах… Гэта не можа не радаваць.
— Член-карэспандэнт Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец таксама прапанаваў меры па падтрымцы беларускай мовы…
— Лукашанец казаў і раней пра гэтыя меры, проста яму слова не давалі. А зараз далі. Мы ж, дарэчы, вярнулі таксама Інстытут мовы і літаратуры. Памятаеце, як ліквідавалі гэтую назву, і колькі мы за гэтую назву ваявалі? Вось яшчэ адзін прыклад таго, пра што мы кажам.
— Ці рэальна, што ў краіне з’явіцца і Беларускі нацыянальны ўніверсітэт?
— Абсалютна рэальна. Думаю, праз некалькі гадоў мы з вамі будзем на яго адкрыцці.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае
Радыё Рацыя