Алена Леўчанка пра супрацоўнікаў Акрэсціна: Я памятаю іх твары, ведаю імёны, прозвішчы і нават больш

Вядомая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка, каментуючы даклад праваабаронцаў аб катаваннях у дачыненні да жанчын у Беларусі пасля выбараў, распавяла і пра свой досвед.

maxresdefault_111.jpg

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі падрыхтаваў трэцюю прамежкавую справаздачу аб прымяненні катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажаючага чалавечую годнасць абыходжання ў дачыненні да жанчын. Праваабаронцы прааналізавалі перыяд з жніўня мінулага года па люты цяперашняга.

«Не расказвайце мне і людзям вашай хлусні, што гвалту не было! Я адчула яго на сабе, як і тысячы беларускіх жанчын, якія пабывалі ў турме! І пінкі з абразамі, якія я і мая сукамерніца атрымалі — я таксама ніколі не забуду! Я памятаю іх твары, ведаю імёны, прозвішчы і нават больш», — напісала Леўчанка ў сторыс Інстаграма.

Таксама Алена пракаментавала словы журналісткі Анісіі Казлюк, якая пасля знаходжання ў СІЗА Жодзіна распавядала пра пагаршэнне здароўя і пра тое, што супрацоўнікі ЦІПа адключалі ацяпленне ў камерах.

«Усё можна. Каля кожнай камеры ёсць краны, якія яны адкрываюць і закрываюць, калі хочуць. Імі яны гэтак жа кантралююць уключэнне і выключэнне вады і каналізацыі. Як мне сказаў сам таварыш Шапецька (начальнік ЦІПа Яўген Шапецька): "Гэта робіцца для таго, каб вам больш не хацелася сюды вярнуцца". Але гавораць прыгожа. Што не зробіш для БТ», — сказала Леўчанка.

Паводле «Трыбуны».