Алесь Смалянчук: З «Цэнтрам» можам згубіць адзін з галоўных культурных асяродкаў
Эканамічны суд Гродзенскай вобласці 12 траўня 2021 года павінен разгледзець справу аб спыненні дзейнасці культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця».
Для гісторыка, доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука “Цэнтр” з’яўляецца адным з важнейшых культурных асяродкаў горада. Пра гэта ён распавёў Радыё Рацыя:
— У Гародні практычна няма месца для таго, каб сабрацца і абмеркаваць нейкія важныя пытанні культурнага жыцця. Я маю на ўвазе тое культурнае жыццё, якое адбываецца па-за межамі нашай дзяржаўнай ідэалогіі. „Цэнтр гарадскога жыцця” якраз найбольш адпаведным месцам быў. Да таго ж як гісторык магу сказаць, што ў свой час „Цэнтр” даваў магчымасць праводзіць навуковыя канферэнцыі, прычым на даволі высокім роўні.
Гісторык упэўнены, што культурнае жыццё гораду не спыніцца — але з’явіцца шмат новых праблем:
— Жыццё не спыніцца на гэтым, канешне. Хоць нейкія моманты, напрыклад, прэзентацыя кніг, сустрэчы з цікавымі людзьмі даволі цяжка будзе праводзіць. Трэба будзе шукаць нейкія новыя магчымасці. Гэта будзе нанесены зноў чарговы ўдар па беларускай культуры. Яна, канешне, выжыве, яна мацнейшая за намаганні нібыта чыноўнікаў ад культуры, але ўсё ж такі паўстануць пэўныя праблемы, якія трэба будзе вырашаць.
У абарону „Цэнтра гарадскога жыцця” выступілі гісторыкі, журналісты, гарадскія дзеячы, якія падпісалі зварот да гарадскіх уладаў. Сярод падпісантаў больш за тысячу вядомых людзей са ўсёй Беларусі.