Алег Морхат хоча, каб незалежныя журналісты прыбіралі смецце
Старшыня глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат папракнуў журналістаў за тое, што не садзяць у горадзе дрэвы і кветкі ды прапанаваў ім прыбіраць смецце.
«Калі чытаеш гэта ўсё, не буду называць і лаяцца, і лічыш, якія вы ўсё-такі… Адно слова хачу сказаць… І думаеце паводле меры сваёй разбэшчанасці», — выказаўся Морхат пра незалежных журналістаў.
Ён папракнуў журналістаў за тое, што не садзяць у горадзе дрэвы і кветкі ды прапанаваў ім прыбіраць смецце, паведамляюць WESTKI.
Размову пра незалежную прэсу старшыня райвыканкама завёў 30 траўня 2013 года на сустрэчы з глыбоцкімі бізнэсоўцамі. На ёй прысутнічаў журналіст Зміцер Лупач, які адначасова з’яўляецца прадпрымальнікам. Магчыма, прысутнасць Лупача і падахвоціла Морхата зрабіць рэзкую заяву.
«Разумееце, некаторыя з вас, я там бачыў, Лупач заходзіў, дрэўца, кветкі не пасадзілі, (…) Вы вельмі шмат бачыце, давайце ў першых шэрагах выйсці і падняць смецінку раніцай…
Я хачу сказаць адно, калі чытаеш гэта ўсё, не буду называць і лаяцца, і лічыш, якія вы ўсё-такі… Адно слова хачу сказаць… І думаеце паводле меры сваёй разбэшчанасці. Я яшчэ раз кажу, у вас толькі адно ў галаве: зладзейства і іншыя пытанні.
Я хачу сказаць усім яшчэ раз: за скажэнне інфармацыі будзе сур’ёзная размова. Я не дазволю, каб на апазіцыйных сайтах скажаць пытанні аб жыцці і дзейнасці глыбачанаў, ганьбіць гонар і годнасць гэтага краю», — сказаў старшыня глыбоцкага райвыканкама.
Нагадаем, што нядаўна спадар Морхат адзначыўся тым, што пераблытаў касцельную амбону з трыбунай райвыканкаму. Сказаўшы напрыканцы святочнага набажэнства, што за тое, што мы тут сабраліся, трэба дзякаваць прэзідэнту.