Алег Трусаў: Праз 20 гадоў да Лукашэнкі нарэшце дайшло
«Калі мы страцім рускую мову — пазбавімся розуму, а калі развучымся гаварыць на беларускай — то перастанем быць нацыяй», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час паслання беларускаму народу і Нацыянальнага сходу.
Алег Трусаў. Фота pawet.net
Лукашэнка разам з тым заклікаў не блытаць беларусаў з рускімі — гэта асобныя народы:
— Мы не прарасійскія, не праукраінскія і не прапольскія. Мы не рускія, мы — беларускія. Нашая краіна — Белая Русь, краіна, дзе жывуць і рускія, і ўкраінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, татары і шмат іншых. Гэта дзеці Белай Русі, грамадзяне адной краіны.
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што трэба выказаць падзяку прэзідэнту Расіі, што беларускі кіраўнік урэшце зразумеў важнасць захавання беларускай мовы ў краіне:
— Гэта добра, што праз 20 гадоў да Лукашэнкі дайшло. Вялікі дзякуй Уладзіміру Пуціну! Зараз ужо сталі крычаць, што тут рускамоўных пацясняе Лукашэнка, не дае ім развярнуцца, не дае магчымасці на “истинно российском наречии” гаварыць. Яны ж гэта пішуць, пачытайце на іхных паганых сайтах. Ім патрэбная наша тэрыторыя. Ім жа трэба, каб іхныя атамныя ракеты пад Берасцем стаялі, вось і ўсё.
Паводле кіраўніка Беларусі, сёння з'явіліся «дзіўныя развагі пра тое, што ў нас нібыта пачынаюць заціскаць рускую мову». У сувязі з гэтым Лукашэнка заявіў, што «няма ніводнай краіны ў свеце, дзе б так беражліва ставіліся да вялікай рускай мовы і вялікай рускай культуры».