Аляксандр Мілінкевіч: Паўночнай Карэі ў нас не пабудуеш

Экс-кандыдат у прэзідэнты-2006 Аляксандр Мілінкевіч расказаў «Филину» пра няздзейсненую мару Лукашэнкі.

— Лукашэнка звярнуўся да беларусаў, што з’ехалі з краіны пасля падзей 2020 года. Маўляў, вяртайцеся, падайце на калені, кайцеся. На вашу думку, навошта сёння спатрэбілася такое «запрашэнне» вяртацца? Гэта спроба прадэманстраваць канчатковую перамогу пад грамадствам? Ці завуаляваная пагроза: сядзіце за мяжой і не думайце вяртацца? І ці паедуць дамоў беларусы пасля такіх «прапановаў»?

— У гэтым шчырым звароце такая жаданая і няздзейсненая мара мінулага «Года народнага адзінства»: усе на каленях — лаяльныя ўвесь час дзякуюць, «беглыя» бесперапынна каюцца. Але цудаў не бывае. З адзінствам стала ну зусім кепска. Нявольнікі баяцца будучыні, таму яе і не маюць. Яе стварае не пуга, а грамадскі дыялог і ўзаемапавага.

Беларусы, якія пасля неверагодных пратэстаў у абарону годнасці аказаліся не па сваёй волі за мяжой, не адгукнуцца на непрыстойнае «запрашэнне» вяртання.

Прыйдзе час і абсалютная большасць з іх, адукаваных, неабыякавах, прыстойных, з высока паднятай галавой вернецца будаваць новую краіну — беларускую і еўрапейскую Беларусь на месцы ваяўнічай, агрэсіўнай тэрыторыі паміж Расіяй і Польшчай.

— Загучалі пагрозы адабраць маёмасць. Ці бачацца Вам тут гістарычныя паралелі? Якую пагрозу нясе гэтая ініцыятыва, калі яна будзе ўсё ж рэалізаваная, калі адбіранне маёмасці набудзе масавы характар?

— Экспрапрыяцыя — гэта шлях да самазабойства ўсялякіх дыктатур з таталітарызмамі. Як у той прытчы пра бальшавікоў: 

— Аб чым яны там крычаць на вуліцах?

— Яны хочуць, каб не было багатых.

— Дзіўна, а нашы продкі змагаліся, каб не было бедных...

У беларусаў абвостранае пачуццё справядлівасці, гэта была б гульня з агнём.

— Калі казаць агулам пра атмасферу ў краіне. Палітолагі гавораць пра сталінізацыю рэжыма. Ці згодыя вы з такой думкай? Як доўга ўлада можа пратрымацца ў такім рэжыме, не маючы рэсурсаў, акрамя дапамогі з Масквы, што робіцца ўсё меншай?

— Мінулым летам вядомы былы пасол заходняй краіны ў Беларусі запытаўся ў мяне: «Як у вас справы?». Я адказаў — як у Польшчы ў час увядзення ваеннага становішча ў 80-х. Ён сумна ўсміхнуўся і адказаў — вы жывеце напярэдадні 1937 года.

Тады мне не хацелася верыць, тым больш, я ж на месцы, а ён недзе там. А дыпламат меў халодную рацыю, мы ж зачаста думаем так, як нам прыемней. Відавочна, што краіна рухаецца да сталінізма, пра які, не маючы дастаткова волі і веры, мы так і не сказалі праўды пасля Перабудовы. За гэты грэх зараз пакутуем.

Як доўга можа пратрымацца рэжым? Ведаю, што Паўночнай Карэі ў нас не пабудуеш, бо мы ў большасці ўжо дакладна не homo sovieticus. Дыктатура адыдзе, невядома толькі калі і якой цаной.

А яна можа быць і вялікай. Напрыклад, калі Пуціну ўсё ж захочацца вайны з Украінай, і Крэмль па-майстэрску разыграе так, каб яе распачаў Мінск у адказ на «памежную правакацыю бандэраўцаў». А Масква проста прыйдзе на дапамогу брацкаму народу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: