Аляксей Мінчонак стаў новым дырэктарам Сакратарыяту БНП
Новым дырэктарам Сакратарыяту Беларускай нацыянальнай платформы
прызначаны Аляксей Мінчонак, які да гэтага працаваў на тэлеканале
«Белсат».
![minchonak.jpg minchonak.jpg](/img/v1/images/minchonak.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«У Беларускую нацыянальную платформу мяне прывяла вялікая цікаваць да сектару НДА. Упэўнены, што аб’яднаныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці могуць зрабіць адчувальны ўнёсак у развіццё Беларусі і яе збліжэння да Еўрапейскага саюзу,” – лічыць Аляксей. “Сваімі першаснымі задачамі на пазіцыі дырэктара Сакратарыяту БНП я бачу актывізацыю працы Працоўных групаў і супрацы сяброўскіх арганізацыяў БНП, пашырэнне інфармавання пра дзейнасць БНП, ФГС і праграмы Усходняга партнёрства. Думаю, мой медыйны бэкграўнд дапаможа эфектыўна вырашыць гэтыя задачы.
Варта больш шчыльна супрацоўнічаць з нашымі міжнароднымі партнёрамі: паглыбляць узаемадзеянне з наяўнымі і ўсталёўваць новыя сувязі з прыязнымі еўрапейскімі арганізацыямі.
Буду ўдзячны ўсім сябрам БНП за парады і дапамогу ў дасягненні нашых супольных мэтаў. Хачу выказаць пашану і падзяку маім папярэднікам. Упэўнены, што той падмурак, які яны зрабілі будзе надзейным апірышчам для маёй працы і дапаможа захоўваць і развіваць добрыя традыцыі супольнай працы недзяржаўных арганізацыяў на карысць Беларусі. Я адкрыты да камунікацыі з усімі сябрамі арганізацыяў БНП. Знайсці мяне можна ва ўсіх папуляных інтэрнэт-мэсенджэрах і сацыяльных сетках”.
Аляксей Мінчонак нарадзіўся і вырас у Мінску. Вышэйшую адукацыю атрымаў у БДУ на факультэце філасофіі і сацыяльных навук. Больш за 15 год актыўна працаваў у сферы медыяў. Быў заснавальнікам музычнага парталу “Тузін Гітоў”, карэспандэнтам Радыё “Рацыя” і прадстаўніком у Беларусі незалежнага тэлеканалу “Белсат”. Мае шырокія стасункі ў сферы недзяржаўных арганізацыяў Беларусі.
Паводле npbelarus.info