«Альтэрнатыва» пачала збор подпісаў за шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц у Навагрудку

У Навагрудку актывісты грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» (зарэгістравана ў Латвіі) 29 і 30 красавіка ладзілі збор подпісаў сярод гарадскіх жыхароў пад прапановай да мясцовых уладаў усталяваць на гістарычных вуліцах шыльды з пералікам іх старажытных назваў.

13_30.jpg


Актывісты збіралі подпісы ў цэнтры Навагрудка, а таксама па кватэрах у спальных кварталах. За гэты час ужо сабрана некалькі соцень подпісаў.

12_39.jpg


У звароце прапануецца ўсталяваць дублюючыя шыльды пад цяперашнімі назвамі вуліц, сярод якіх, вуліца Савецкая (раней Касцёльная, Жыдоўская), 17 верасня (раней Фальваркавая), 1 мая (раней Кавальская), Інтэрнацыянальная (раней Татарская), Пушкіна (раней Фарная), Сечка (раней Віленская), Паштовая (раней Базылянская), а таксама плошчы Леніна (раней Рынак пляц) і інш.

11_39.jpg


“Большая частка жыхароў даволі спрыяльна рэагавала на дадзеную прапанову, ахвотна пакідаючы свае подпісы. Некаторыя нават выказвалі пажаданні, каб, увогуле, улады вярнулі вуліцам іх гістарычныя назвы. Уразіла, што некаторыя жыхары ўпершыню даведаліся, што вуліца Савецкая некалі мела назву Жыдоўская, што ў нашай мове не мае нейкага абразлівага значэння. Якіх-небудзь эксцэсаў падчас збору подпісаў не адбылося, усё прайшло на пазітыўнай ноце, што прыдае новае натхненне і аптымізм у грамадскай дзейнасці па вяртанню гэтаму мястэчку яго гісторыка-культурнага аблічча”, – дзеліцца ўражаннямі лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.


Нагадаем, шыльды з пералікам гістарычных назваў вуліц на сённяшні дзень ёсць у Мінску, Гродне, Баранавічах, Клецку, гарадскіх пасёлках Халопенічы і Мір. Ці далучыцца да гэтага спісу старажытнае мястэчка Навагрудак – будзе вядома ўжо ў бліжэйшыя месяцы.