Амаль 240 гадоў калоніі за абгарэлы нос ката Гайдукевіча
У Мінску 21 чэрвеня абвясцілі прысуды фігурантам крымінальнай справы экс-рэстаратара, а цяпер сузаснавальніка палка «Пагоня» Вадзіма Пракоп'ева. Абвінавачанымі праходзілі 18 чалавек. Траіх з іх судзілі завочна, бо яны знаходзяцца за мяжой. Гэта Вадзім Пракоп'еў, Ігар Чамякін і Дзяніс Хаміцэвіч.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pxhere.com
У выніку суд прызнаў усіх вінаватымі і прызначыў:
- Вадзіму Пракоп'еву — 25 гадоў пазбаўлення волі;
- Сяргею Лісоўскаму і Паўлу Чамякіну — па 20 гадоў;
- Уладзіміру Савянкову і Дзянісу Хаміцэвічу — па 16 гадоў кожнаму;
- Сяргею Сакалову — 14 гадоў узмоцненага рэжыму;
- Дзмітрыю Неверкевічу — 11 гадоў узмоцненага рэжыму;
- Вользе Певень — 10 гадоў агульнага рэжыму;
- Мікалаю Рою — 12 гадоў узмоцненага рэжыму;
- Паўлу Чыхінскаму і Дзянісу Філончыку, Пятру Юркевічу — па 9 гадоў узмоцненага рэжыму;
- Эдуарду Пестраку — 3,5 года з пазбаўленнем права займаць дзяржаўныя пасады;
- Аляксею Міхайлаву — 2 гады агульнага рэжыму, які ён ужо адбыў, таму яго вызвалілі ў зале суда. У яго быў толькі артыкул за «неданясенне».
Сям'і Вайцяховічаў прызначылі наступныя тэрміны:
- Уладзіславу (сын) — 21 год;
- Віталю (Бацька) — 19 гадоў;
- Анастасіі (жонка сына) — 11 гадоў;
- Вользе (маці) — 11 гадоў.
Вадзіму Пракоп'еву, Уладзіславу і Віталю Вайцяховічам, Паўлу Чамякіну, Сяргею Лісоўскаму, Пятру Юркевічу і Дзянісу Хамічэвічу, якіх дзяржабвінаваўца назваў «самымі актыўнымі і небяспечнымі ўдзельнікамі злачыннай супольнасці», суд вызначыў першыя пяць гадоў пакарання адбываць ва ўмовах турмы.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Нагадаем, працэс стартаваў у Мінску 6 сакавіка. У той жа дзень пракурор зачытаў абвінавачанне Пракоп'еву. Паводле яго версіі, той кіраваў ім жа створанай арганізаванай злачыннай групай, якая дзейнічала ад 14 ліпеня 2020 года да 6 студзеня 2022 года на тэрыторыі Беларусі, Турцыі, Польшчы, Украіны.
У групу нібыта ўваходзілі «радыкальна настроеныя да дзейнай улады асобы», у тым ліку былыя і дзейныя вайскоўцы, сілавікі, перш за ўсё са спецназа, спартоўцы рукапашнага бою, бізнесоўцы і іншыя, «хто падзяляў погляды захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», а іх план нібыта складаўся ў захопе ўлады з тэрактамі і масавымі беспарадкамі.
КДБ распачаў крымінальную справу паводле артыкула 289 КК («Акт тэрарызму»).
Да справы быў далучаны зпізод нібыта спробы падпалу аддзелу міліцыі ў Фрунзенскім раёне Мінска, які адбыўся 16 жніўня 2021 года, праз тры дні пасля затрымання Вайцяховічаў.
