Амаль 84 % беларускай моладзі пражывае ў гарадах

У Беларусі ў гарадскіх паселішчах пражываюць 1 млн 777,5 тыс. маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года (83,8 % беларускай моладзі), у сельскай мясцовасці — 343,4 тыс. (16,2 %). Такія звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.



ciareszka_vitebsk_20150117_12.jpg

Гарады з'яўляюцца больш прыцягальнымі для сучаснай моладзі — тут маладыя людзі бачаць больш магчымасцяў для самарэалізацыі.

На 1 студзеня бягучага года ў рэспубліцы пражывалі 2 млн 120,9 тыс. чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. Амаль кожны чацвёрты жыхар рэспублікі адносіцца да катэгорыі "моладзь".

У мінулым годзе ў шлюб ўступілі 60,8 тыс. жанчын і 54,5 тыс. мужчын ва ўзросце ад 14 да 31 года. Прычым маладыя жанчыны ўступаюць у шлюб пераважна ва ўзросце 20 – 24 года, большая частка маладых мужчын ствараюць сем'і ва ўзросце 25 – 30 гадоў.

У 2014 годзе ў жанчын ва ўзросце ад 14 да 31 года нарадзілася 84,4 тыс. дзяцей, з іх першынцы склалі больш за палову (57 %), народжаныя другімі — 34,8 %, трэцімі — 6,7 %, чацвёртымі і больш — 1,5 %. Большасць дзяцей (86,4 %) нарадзілася ў жанчын, якія знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе.