АМАПавец у Будславе накрычаў на паломнікаў з-за аўтазака

У Будславе 30 чэрвеня супрацоўнік АМАП накрычаў каталіцкіх паломнікаў, што прыбылі ў аграгарадок на Марыйныя ўрачыстасці.

autazak_1.jpg

Пра гэта ў Facebook паведамляе Надзея Гацак.
«У Будславе. Заходзім мы ў намётавы гарадок, а там аўтазак. І адзін з паломнікаў кажа сваім сябрам: «О, глядзіце, аўтазак!». І тут амапавец, які стаяў побач з цудам тэхнікі, як закрычыць на ўсё поле: «У школе трэба вучыцца, гэта машына па перавозцы людзей!» — адзначыла яна.
Раней наяўнасць аўтазакаў на каталіцкіх ўрачыстасцях раскрытыкаваў каталіцкі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Першае, што ўбачыла святочная Велікодная працэсія, выходзячы з кафедральнага сабора, — гэта спецаўтамабіль ў яго ўваходу, так званы аўтазак. Відавочная прысутнасць гэтых спецаўтамабіляў на далейшым шляху працэсіі стварала настрой напружанасці, недаверу да народа, які мірна ўслаўляў Уваскрослага Хрыста », — падкрэсліў ён.
Паводле слоў мітрапаліта, дзяржава і царква павінны навучыцца сумесна і прафесійна выпрацоўваць такі план дзеянняў падчас арганізацыі вялікіх царкоўных мерапрыемстваў, які будзе спрыяць рэлігійнаму святкаванню, а не ўскладняць ці нават перашкаджаць яго правядзенню.
«Гэта, у першую чаргу, датычыцца штогадовага святкавання будслаўскіх урачыстасцяў (першая пятніца і субота ліпеня) і працэсіі Божага Цела ў Мінску (апошнюю нядзелю мая), а таксама іншых рэлігійных мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў розных дыяцэзіях», — дадаў Тадэвуш Кандрусевіч.
Паводле belaruspartisan.org