Амбасадар Ізраіля пракаментаваў з'яўленне машыны амбасады ля рэстарана «Поедем, поедим»

Гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын апублікаваў у фэйсбуку інфармацыю, што 14 чэрвеня ў рэстаране «Поедем, поедим» была заўважаная машына з дыпламатычнымі нумарамі. Як потым высветлілася, гэта быў аўтамабіль амбасады Ізраіля ў Беларусі.

Фота Змітра Дашкевіча

Фота Змітра Дашкевіча

Ля рэстарана «Поедем, поедим» ужо больш за год ідзе супрацьстаянне актывістаў і ўласнікаў забаўляльнага месца. Актывісты лічаць, што такая ўстанова ў непасрэднай блізкасці ад мемарыялу Курапаты не можа існаваць. Штодня ля «Поедем, поедим» праходзіць пікетаванне.
Многія вядомыя людзі, у тым ліку прадстаўнікі ўлады, ІТ-сектару, культурныя дзеячы, палітыкі зазначалі, што лічаць немэтазгодным прыходзіць у гэты рэстран.
Што ж рабіў аўтамабіль амбасады Ізраіля ў сумнавядомым рэстаране? Пра гэта «Наша Ніва» спытала ў прэс-сакратаркі амбасады Веры Дземідзенкі. Яна перадала словы амбасадара Ізраіля Алона Шагама: «Афіцыйных візітаў і мерапрыемстваў у гэтым рэстаране не было. А прыватнае жыццё супрацоўнікаў мы не адсочваем», — так былі перададзеныя словы амбасадара.
Паводле абаронцаў Курапатаў, гэта не першы выпадак, калі машына з дыпламатычнымі нумарамі была заўважаная ў «Поедем, поедим». Раней такая ж сітуацыя здаралася з аўтамабілем з аўтапарка грузінскай амбасады. 
nn.by