Андрэй Дзмітрыеў пра ліквідацыю «Гавары праўду»: Мы будзем змагацца за нашу арганізацыю
Улады спрабуюць знішчыць яшчэ адну вядомую грамадскую арганізацыю.
Сустаршыні ГА «Гавары праўду» прапанавалі Мінюсту
перагледзець прадмет пазову да арганізацыі і замяніць патрабаванне аб
ліквідацыі на прыпыненне дзейнасці. Пра гэта Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч
паведамілі ў эфіры канала Дзмітрыева, піша «Салідарнасць».
Напярэдадні Мінюст падаў пазоў аб ліквідацыі ГА «Гавары
праўду» ў Вярхоўны суд. Ён будзе разглядацца 5 кастрычніка.
— Цягам дзесяці гадоў мы займаліся тым, што дапамагалі
людзям удзельнічаць у грамадскім жыцці і палітыцы, распавядаць пра свае
праблемы, дамагацца іх развязання. І ўсё гэта сёння хочуць «закатаць» і
падмяніць «правільнымі структурамі». Але я ўпэўнены, што падобнага роду
дзеянні негатыўна адаб'юцца на будучыні нашай краіны. Мы і так бачым сёння
каласальнае зніжэнне ўзроўню даверу грамадзян да дзяржаўных інстытутаў, і яно
будзе працягвацца, — адзначыў сустаршыня арганізацыі Андрэй Дзмітрыеў.
Ён удакладніў, што выяўленыя Мінюстам парушэнні, адсутнасць
юрыдычных адрасоў у некалькіх рэгіянальных філіялаў ГА, не з'яўляюцца
сур'ёзнымі і былі аператыўна ліквідаваныя. Тым не менш на станоўчы зыход суду, які павінен адбыцца, лідары грамадскай арганізацыі не разлічваюць.
— Я думаю, што нас пазбавяць рэгістрацыі, як і ўсе астатнія
НДА. Але арганізацыя, перш за ўсё, — гэта людзі, таму я б не гаварыла пра ліквідацыю, — адзначыла Таццяна Караткевіч. — Гэта спроба ўлады выключыць людзей з
дыялогу. Але ў гэтым няма ніякага сэнсу, таму што гэта азначае спыніць
развіццё. І гэта сапраўды затармозіць у нейкім сэнсе грамадства і не дасць
магчымасці рухацца наперад.
Дзмітрыеў таксама назваў знішчэнне грамадзянскай супольнасці
адной з падстаў для ўзмацнення заходніх санкцый.
— Дыялогу паміж тымі, хто з усім згодны, не бывае. «Праўду» можна ліквідаваць як арганізацыю, але нельга ліквідаваць як
імкненне людзей да таго, каб жыццё вакол было справядлівым.
У любой краіне інструментам удзелу грамадзян у грамадскім
жыцці з'яўляюцца грамадскія арганізацыі, а ў палітычным жыцці — палітычныя партыі
і выбары. Але мы бачым, што гэтыя інструменты (у Беларусі) заганяюцца ў вельмі
вузкі калідор лаяльнасці, стоадсоткавай падтрымкі ўлады. Мы, безумоўна, будзем
змагацца за «Гавары праўду», — адзначыў Дзмітрыеў.
У выпадку, калі арганізацыю ліквідуюць, яе лідары маюць
намер адразу ж сабраць ўстаноўчы з'езд для стварэння новай арганізацыі.
Нагадаем, тройчы прадстаўнікі ГА «Гавары праўду» ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах.